viasna on patreon

ЗВАРОТ ГРАМАДЗКАГА АБ'ЯДНАНЬНЯ "ПРАВАВАЯ ДАПАМОГА НАСЕЛЬНІЦТВУ" ДА НЯЎРАДАВЫХ ГРАМАДЗКІХ АБ'ЯДНАНЬНЯЎ І ГРАМАДЗЯНАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

2003 2003-08-21T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паважаныя калегі! Суграмадзяне!

Зараз у краіне распачата беспрэцэдэнтная кампанія супраць структураў
грамадзянскай супольнасьці і незалежнай прэсы. Урад пачаў
перасьледваць і праваабрончыя арганізацыі, якія сочаць за парушэньнямі
і прадастаўляюць насельніцтву прававую дапамогу. У вытворчасьці Менскага гарадзкога суда знаходзіцца грамадзянская справа аб ліквідацыі нашага аб'яднаньня. Упраўленьне юстыцыі Менгарвыканкама, ігнаруючы Канстытуцыю і міжнародна-прававыя дакумэнты, лічыць, што аб'яднаньне ня мае права аказваць прававую
дапамогу грамадзянам, прадастаўляючы гэтае права толькі адвакатам.

На працягу 5 год грамадзкае аб'яднаньне "Прававая дапамога
насельніцтву" аказала прававую дапамогу больш чым 4000 грамадзянаў
Беларусі, мы прадстаўлялі інтарэсы маламаёмасных грамадзянаў у судах і
іншых дзяржаўных органах, дапамагалі грамадзкім аб'яднаньням у
спрэчных пытаньнях. Мы вядзем вялікую працу па прававой асьвеце
грамадзянаў.

Мы лічым, што юрысты, сябры грамадзкіх арганізацыяў, якія займаюцца
абаронай правоў чалавека, павінны граць вядучую ролю ў стварэньні
новых мэханізмаў, якія б абаранялі правы чалавека, дапамагалі б
чалавеку пераадольваць цяжкасьці і забясьпечвалі б задавальненьне
інтарэсаў усіх людзей. Мы ня можам заставацца ў баку ад важных зьменаў
у эканамічнай і сацыяльнай сфэрах. Мы ня можам спакойна глядзець на
распаўсюд беднасьці, невуцтва і няроўнасьці ў краіне, таму што, пакуль
такія зьявы існуюць побач з намі, грамадзянскія і палітычныя правы
чалавека будуць парушацца. У той час, як у краіне адсутнічаюць эфэктыўныя працэдуры, якія дазваляюць грамадзянам дабівацца ажыцьцяўленьня сваіх правоў, абарона інтарэсаў чалавека зьяўляецца правапарушэньнем.

Мы, сябры грамадзкага аб'яднаньня "Прававая дапамога насельніцтву",
зьвяртаемся да вас з прозьбай: - нагадаць ураду краіны Рэспублікі
Беларусь пра яго абавязкі абараняць правы чалавека, - даслаць ліст з
прозьбай адклікаць зыск аб ліквідацыі нашай арганізацыі міністру
юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.Г.Галаванаву на адрас: 220048, г. Менск,
вул. Калектарная, 10.

Спадзяемся на вашыя салідарнасьць і падтрымку!

З павагай,
Старшыня ГА "ПДН" Алег Воўчак
Выканаўчы дырэктар ГА "ПДН" Раіса Міхайлоўская

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства