viasna on patreon

Магілёўскі раён: за зямлю агульнага карыстання будуць змагацца і ў касацыйнай інстанцыі

2013 2013-05-31T18:52:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/magil-abl-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Магілёўскі абласны суд.

Магілёўскі абласны суд.

Жыхар вёскі Нядашава-2 Магілёўскага раёна накіраваў касацыйную скаргу ў калегію па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда.

Дзмітрый Яўстратаў хоча, каб калегія абласнога суда адмяніла рашэнне суда Ленінскага раёна ад 8 траўня 2013 года па скарзе на рашэнне Магілёўскага райвыканкама з нагоды адабрання зямлі Нядашаўскага сельскага выканкама і перадачы фермерскай гаспадарцы “Пралесак”. Зямельны ўчастак плошчай 12,97 Га размешчаны ў межах населенага пункту Нядашава-2 у водаахоўнай зоне і прылеглай паласе водасховішча на рацэ Шчацінка паміж вуліцай Дальняй і водасховішчам.

Паводле Дзмітрыя Яўстратава і жыхароў вёскі Нядашава-2, прычынай канфлікту стала тое, што зямлю агульнага карыстання перадалі ў пажыццёвае карыстанне фермеру Юрыю Коршунаву без правядзення грамадскіх слуханняў і ўліку грамадскай думкі жыхароў вёскі.

Юрый Коршунаў пасля атрымання зямлі распахаў луг і засеяў яго кукурузай, тым самым абмежаваў прамы доступ жыхароў вёскі Нядашава-2 да вадасховішча. Цяпер, каб патрапіць на вадаём, рыбалку ці адпачынак, жыхарам трэба рабіць кола ў 2-3 кіламетры.

Акрамя таго, рынкавы кошт жылля жыхароў вёскі Нядашава-2 істотна знізіўся, бо людзі трымалі лецішчы з-за таго, што быў блізкі доступ да вадасховішча.

З-за вядзення інтэнсіўнай сельскай гаспадаркі, якую пачаў практыкаваць фермер Юрый Коршунаў, у жыхароў вёскі пачалі хварэць і гінуць пчолы, таксама пачалася эрозія глебы. Пасля перапахвання дзёрна павадкавыя і дажджавыя воды сталі змываць глебу ў вадасховішча.

Раней Магілёўская абласнай пракуратура ўжо прызнала шматлікія парушэнні пры перадачы зямлі агульнага карыстання Юрыю Коршунаву. Былі дэпрэміраваны некалькі адказных за гэты працэс чыноўнікаў з выканкамаў, аднак само рашэнне аб перадачы зямлі фермеру не было адменена.

Падчас суду юрыст з аблвыканкама адзначыў, што няма працэдуры правядзення грамадскіх слуханняў і ўліку грамадскай думкі.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што суд Ленінскага раёна Магілёва незаконна адмовіў Дзмітрыю Яўстратаву ў допыце прыйшоўшых на суд сведак з ліку жыхароў вёскі Нядашава-2.

“Суд матываваў сваю адмову ў задавальненні пазову Дзмітрыя Яўстратава непацверджанымі фактамі, якія як раз і маглі абвергнуць ягоныя сведкі. Таму нельга прызнаць суд аб’ектыўным і неперадузятым”, - гаворыць Барыс Бухель.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства