viasna on patreon

26 жніўня ў Полацкім гарадзкім судзе разглядалася справа аб абвінавачваньні вядомага праваабаронцы й журналіста, актывіста дэмакратычнага блёку "Свабодная Беларусь" Валерыя Шчукіна ў хуліганстве. Яму інкрымінуецца парушэньне арт.156 Кодэксу “Аб адміністратыўных парушэньнях” (прэс-цэнтр Хартыі’97)

2003 2003-08-26T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29 ліпеня, згодна судоваму рашэньню, праваабаронца быў выселены з пакою аднаго з полацкіх інтэрнатаў, і зараз яму прыходзіцца начаваць у залі чаканьня мясцовага чыгуначнага вакзалу. У сувязі з гэтым супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол аб адміністратыўным парушэнні, якое заключалася ў тым, што Шчукін спаў у залі чаканьня, паклаўшы ногі на лаву. Гэта было кваліфікавана як хуліганскія дзеяньні.

У час судовага паседжаньня абвінавачаны папрасіў паказаць яму нарматыўны дакумэнт, які сьведчыць пра тое, што адпачынак на вакзальнай лаве зьяўляецца хуліганскім дзеяньнем. Супрацоўнікі міліцыі ня здолелі прадставіць праваабаронцу Статут чыгуначных дарог і Правілы паводзінаў на вакзале, якія б утрымлівалі дадзеную норму. Наступнае паседжаньне пройдзе 29 жніўня.

Камэнтуючы прэс-цэнтру Хартыі’97 вынікі судовага паседжаньня, Валеры Шчукін заявіў, што перанос суда на 29 жніўня можна патлумачыць толькі адным: праваабаронцу зьбіраюцца пасадзіць у турму на 10 сутак, бо 7 верасьня ў Полацку будзе шырока адзначацца Дзень беларускай пісьмовасьці і на сьвяце павінен быць сам Аляксандар Лукашэнка. У час леташніх сьвяткаваньняў Дня пісьмовасьці міліцыянты не пусьцілі Валеры Шчукіна на пляц, дзе знаходзіўся Аляксандар Лукашэнка. Пры гэтым яны заявілі, што праваабаронца падобны на злачынцу, які знаходзіцца ў вышуку. Праваабаронцу давялося некалькі гадзінаў правесьці ў міліцыі. Сёлета, лічыць Шчукін, улады вырашылі выкарыстаць іншы мэтад. (прэс-цэнтр Хартыі’97)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства