Аляксандар Лукашэнка паабяцаў разабрацца з замежнымі пасламі
Кіраўнік Беларусі заявіў журналістам, што ён не дапусьціць, каб апазыцыянэры спынілі працэсы, якія адбываюцца ў краіне, паведаміла Радыё Свабода.
Цытата:
“Краіну мы ім не аддамо, вось тут па-расейску кажучы, мы па мордзе надаём таму, хто адважыцца згарнуць той працэс, які ідзе ў краіне. Сіла мая і сіла ўлады ў тым, што я не трымаюся апантана за гэтую ўладу, але я не зьбіраюся заўтра камусьці дарыць гэтую ўладу. Бо ўлада толькі тады чагосьці вартая, калі яна ўмее абараняцца, як казаў дзядуля Ленін”.
Дэманстрантаў, якія выйшлі 25 сакавіка ў Менску, А. Лукашэнка назваў “баявым атрадам, які расходжваў па горадзе”, і заявіў, што ён разьбярэцца з пазыцыяй амбасадараў, якія прысутнічалі на гэтай акцыі, бо “ні ў адной краіне сьвету амбасадарам не дазволена ўдзельнічаць у незаконных акцыях”.
А. Лукашэнка зазначыў, што ён асабіста цікавіўся, што адбываецца 25 сакавіка, як дзейнічала міліцыя, але не ўмешваўся, маўляў, міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў з памочнікамі сам разабраўся.
Апрача таго А. Лукашэнка прызнаў, што працэс будаўніцтва саюзнай дзяржавы з Расеяй тармозіцца па ўсіх кірунках, што ўварыліся цэлыя завалы, у прыватнасьці, у мытнай сфэры, у гандлі цукрам, арганізацыі аўтаперавозак.