viasna on patreon

"Дошка ганьбы": дзейны сродак перавыхавання ці абраза асобы?

2013 2013-07-30T16:58:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/doshka-ganby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Дошка ганьбы" – гэта адмысловы стэнд каля райаддзела міліцыі ў Глыбокім. На ёй – чатыры партрэты і інфармацыя пра мясцовых жыхароў, якія злоўжываюць алкаголем і вядуць асацыяльны лад жыцця.  Што гэта: дзейны сродак перавыхавання ці абраза асобы?

Журналісты – сябры ГА БАЖ, якія прыехалі на Глыбоччыну ў прэс-тур, фатаграфавалі "Дошку ганьбы" як вялікае дзіва. І разважалі пра правы асобы.

"Я неаднаразова чуў, што алкагалізм – гэта хвароба. Дык ці ж можна выстаўляць вось так партрэты хворых людзей? Па-другое, нікому ў нас не зразумела, чаму на "Дошцы ганьбы" менавіта гэтыя 4 асобы. Пітушчых і дэбашыраў у раёне яўна нашмат болей. А вось гэтых чатырох чалавек асабіста я п'янымі не сустракаў, не магу сказаць, што літаральна штодня яны тут недзе валяюцца п'яныя, што скандаляць штодня ці нешта такое,"—гаворыць глыбоцкі незалежны журналіст Зміцер Лупач.

Дарэчы, стаўленне ў мясцовых людзей да гэтага стэнду  пераважна негатыўнае. Спадар Лупач распавёў, што летась, калі ў Глыбокім святкавалі Дзень беларускага пісьменства, нехта знарок запэцкаў "Дошку ганьбы" фарбай. Так яна і прастаяла ажно два ці тры месяцы. Потым яе ўсё ж аднавілі.

"З пункту гледжання мясцовага жыхара, не праваабаронцы – можа, у такіх стэндах ёсць карысць. Можа, не для тых, хто на "Дошцы ганьбы", бо я пра іх пыталася, і мне патлумачылі, што там сапраўды асобы, вартыя грамадскага асуджэння. Гэта маці, якія не глядзяць сваіх дзяцей, якіх не аднойчы за гэта ўшчувалі і каралі. Гэта п'яніцы. Так што кагосьці, верагодна, гэта спыніць – хто паглядзіць на гэтую дошку, не захоча там апынуцца і перагледзіць свае погляды на жыццё,"—кажа журналістка Тацяна Смоткіна з Глыбокага.

Тацяна гаворыць, што не чула, каб нехта з тых, чые партрэты вісяць на "Дошцы ганьбы", выправіўся. Але не выключае, што і такое цалкам можа быць.

Андрусь Клікуноў, сябра Рады ГА БАЖ з Мінску, з гэтым меркаваннем не згодны:

"Калі я ўбачыў гэтую дошку, адразу на памяць прыйшлі даўнія  савецкія  часы, калі практыкаваліся выкрывальніцкія  вытворчыя сходы, таварыскія суды і гэтак далей. На мой погляд, у 21 –м стагоддзі такія захады ўжо безнадзейна састарэлі і дыскрэдытавалі сябе.  Сапраўды кагосці перавыхаваць такім чынам немагчыма, ёсць нейкія больш плённыя шляхі – прыкладам, размовы з псіхолагам ці нешта падобнае. Нельга забывацца і на тое, што Глыбокае – невялікае мястэчка, тут усе ўсіх ведаюць. Так што выстаўляць на ўсеагульны агляд чыесці твары, не падумаўшы пра пачуцці сваіякоў, блізкіх гэтых людзей я лічу проста не дапушчальным. У кожнага з іх ёсць бацькі, дзеці, для якіх алкагалізм ці дэбашырства родных – і так вялікая бяда, дык навошта іх дадаткова траўмаваць? Пра ўсё гэта варта было падумаць глыбоцкай міліцыі, перш чым  усталёўваць гэтую "Дошку ганьбы".

На старонцы "Полоцк і Новополоцк" сацыяльнай сеткі  "ВКонтакте" вырашылі правесці галасаванне, ці варта змагацца супраць алкагалізацыі насельніцтва з дапамогай такіх вось сродкаў, як "Дошка ганьбы". Паводле вынікаў апытання за тры дні, большасць прагаласаваўшых (70 чалавек) лічыць, што гэта добры сродак – што сорам прымусіць людзей задумацца і стаць на шлях выпраўлення. 27 чалавек лічаць, што чалавек сам мае права вырашаць, якім чынам пражыць уласнае жыццё – піць ці не піць, працаваць ці не працаваць і гэтак далей. 57 чалавек перакананы, што "Дошкі ганьбы" не выправіць сітуацыю і ніякім чынам не паўплываюць на паводзіны асацыяльных асобаў. 9 чалавек засведчылі, што ім цяжка адказаць на пытанне, добра гэта ці кепска – усталяванне такіх вось стэндаў.

 

Апоўдні 3-га  ліпеня ў галасаванні  ўзялі ўдзел 163 чалавекі. Большасць з іх не лічыць наяўнасць "Дошкі ганьбы" эфектыўнай мерай у змаганні за здаровы лад жыцця.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства