viasna on patreon

Кампанія «Справаводства па-беларуску!» звярнулася да хакейных клубаў

2013 2013-07-30T21:02:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/belaruskaia1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кампанія «Справаводства па-беларуску!» даслала лісты дзесяці беларускім хакейным клубам Экстралігі напярэдадні чэмпіянату па хакеі, які пачнецца Кубкам Салея, з прапановамі пашыраць ужыванне роднай мовы.

«Хакей, гэта той спорт, што ў Беларусі прыцягвае вялікую колькасць прыхільнікаў. Але акрамя гэтага, гэта і той спорт, што мае ўплыў на фарміраванне патрыятычнага складу характару, любові да Радзімы і родных мясцін. Гэта той спорт, што аб’ядноўвае народ. А ў Беларусі гэты народ беларусы, і мова гэтага народу беларуская. Несумненна, вы бачыце, што беларуская мова не выкарыстоўваецца ў той колькасці, у якой усім нам бы хацелася. Але ў вас ёсць магчымасць уплываць на тое, каб беларускай мовы ў Беларусі было болей», - звяртаюць увагу спартоўцаў актывісты кампаніі «Справаводства па-беларуску!»

Як паведаміў ініцыятар кампаніі «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак, кіраўніцтву клубаў прапануецца прозвішчы хакеістаў на іх спартыўнай форме пісаць па-беларуску, гукавое і візуальнае суправаджэнне на лядовай арэне падчас правядзення гульняў, прэсавыя канферэнцыі пасля гульні праводзіць на роднай мове, у стасунках з прэсай выкарыстоўваць беларускую мову. Таксама кампанія просіць зрабіць беларускамоўную версію афіцыйных сайтаў клубаў.

Ігар Случак мяркуе, што такія невялікія захады не пацягнуць за сабой вялікіх фінансавых выдаткаў, але дазволяць не толькі павысіць патрыятызм сярод беларусаў, павысіць выкарыстанне беларускай мовы, але і павысіць цікавасць да чэмпіянату.

Ініцыятар кампаніі нагадвае, што напярэдадні пачатку футбольнага чэмпіянату актывісты звярнуліся з аналагічным лістом да клубаў Вышэйшай лігі, і гэта дало свае вынікі. Напрыклад, хатнія матчы футбольных клубаў «Гомель», «Дынама-Брэст», «Тарпеда-БелАЗ» і «Славія-Мазыр» пачалі каментавацца дыктарам на стадыёне па-беларуску, «Белшына» (Бабруйск) па-беларуску пачала вырабляць свае афішы і рабіць іншыя захады па папулярызацыі беларускай мовы, а «Дынама-Брэст» стаў адзіным клубам футбольнага чэмпіянату, хто пачаў па-беларуску пісаць прозвішчы гульцоў на іх форме.

«Таму хочацца спадзявацца, што рэакцыя на аналагічныя прапановы для хакейных клубаў будзе яшчэ больш пазітыўнай. Тым больш што ў гэтым сезоне ў Беларусі будзе праходзіць і чэмпіянат свету, таму лагічным і натуральным будзе паказаць нацыянальны характар і каларыт беларускага чэмпіянату перад замежнымі заўзятарамі і ўдзельнікамі чэмпіянату», - лічыць Ігар Случак.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства