viasna on patreon

Судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага аблсуда адмовіла ў задавальненні скаргі выдаўца газеты “Вольны горад”

2013 2013-08-29T10:11:55+0300 2013-08-29T10:11:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/volny-gorad-krych-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28 жніўня судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда разгледзела прыватную скаргу выдаўца крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава на адмову суда Крычаўскага раёна ў аднаўленні тэрмінаў падачы касацыйнай скаргі ў Магілёўскі абласны суд.

Судовая калегія пад старшынствам суддзі Маймусавай адмовіла Уладзіміру Кудраўцаву ў аднаўленні тэрміну падачы касацыйнай скаргі.  Гэта рашэнне будзе накіраванае ў суд Клімавіцкага раёна, пасля чаго з ім будуць азнаёмлены журналісты газеты “Вольны горад”.

Нагадаем, 17 чэрвеня суд Крычаўскага раёна вынес рашэнне па пазову “аб абароне дзелавой рэпутацыі” з боку КУП “Чэрыкаўскае ПМК № 280” супраць незалежнай газеты “Вольны горад”. Суд  прызнаў распаўсюджаныя ў газеце “Вольны горад” (№ 4 ад 3 лютага 2013 года) у артыкуле “Прыгонныя” звесткі адносна КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” не адпавядаючымі рэчаіснасці і абавязаў газету “Вольны горад” апублікаваць абвяржэнне.

Журналісты газеты “Вольны горад” падалі касацыйную скаргу на гэта рашэнне суда Крычаўскага раёна, аднак суддзя Аляксандр Курылін адмовіўся накіроўваць яе ў Магілёўскі абласны суд “бо былі парушаны тэрміны падачы касацыйнай скаргі”. Як сцвярджае рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны, затрымка з тэрмінамі падачы скаргі адбылася толькі таму, што той жа суддзя Аляксандр Курылін у прысутнасці шматлікіх сведкаў паабяцаў журналістам газеты даслаць матывацыйную частку рашэння суда. Пасля ж у адказе на пісьмовы запыт журналістаў газеты “Вольны горад” Аляксандр Курылін паведаміў, што матывацыйная частка ўжо ўтрымліваецца ў пастанове суда Крычаўскага раёна.

Па  словах рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага, пасля азнаямлення з рашэннем судовай калегіі па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда ў судзе Крычаўскага раёна журналісты газеты выканаюць пастанову суда і ў сямідзённы тэрмін апублікуюць абвяржэнне апублікаваных у артыкуле “Прыгонныя” звестак.

“Як законапаслухмяныя грамадзяне,  пасля азнаямлення з рашэннем калегіі мы выканаем пастанову суда Крычаўскага раёна і апублікуем у газеце “Вольны горад” у сямідзённы тэрмін абвяржэнне змешчанай у артыкуле “Прыгонныя” інфармацыі, - кажа Сяргей Няроўны. – Іншая справа, што мы будзем апеляваць да нашых чытачоў і падрабязна распавядзём ім пра тое, як праходзілі ўсе гэтыя суды.”

Нагадаем таксама, што 29 жніўня суд Крычаўскага раёна разгледзіць чарговы пазоў КУП “Чэрыкаўскага ПМК-280” да газеты “Вольны горад”.

Адміністрацыя КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” падала пазоў у суд Крычаўскага раёна, у якім зноў вінаваціць газету “Вольны горад” у дыскрэдытацыі кіраўніцтва прадпрыемства і падрыве дзелавой рэпутацыі ПМК-280 у артыкуле “З абвяржэннем пачакаем”, які быў змешчаны ў нумары газеты ад 29 чэрвеня.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства