Мастацкае ўвасабленне «Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека» ад Вольгі Бабурынай
28 жніўня ў Мінску, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава народнага майстра Вольгі Бабурынай «Правы выцінанкі» (мастацкае ўвасабленне «Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека», зацверджанай і абвешчанай 10 снежня 1948 году Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый).
Як адзначыла аўтар экспазіцыі, назва выставы ўзнікла з разумення таго, што выцінанка ўжо выйшла за свае традыцыйныя межы і заяўляе свае правы не толькі як від народнага і дэкаратыўна-ужытковага мастацтва, але і як від графікі, праз які могуць выяўляцца самыя актуальныя тэмы агульначалавечага характару.
Паводле яе слоў, сёння выцінанка перажывае ўсплёск зацікаўленасці і своеасаблівае адраджэнне. «Простая і дасціпная ў матэрыялах, яна заварожвае сваёй магіяй нечаканасці, калі раскладваецца выразаная папера і перад намі з’яўляецца ажурны малюнак. На Каляды выцінанка суправаджае нас паўсюдна на вуліцах горада. Яна глядзіць на нас з вокнаў дзіцячых садкоў, школ, офісных будынкаў і кватэр у спальных раёнах сталіцы.
Выцінанка звычайна ўспрымаецца яе традыцыйнае народнае мастацтва выразання з паперы. Але сёння яна засвойвае новыя прасторы нашага жыцця. Пакідаючы за сабой асноўныя свае прынцыпы – стылізацыю, шматразовае складванне, тэхніку выразання і выкарыстанне натуральных матэрыялаў — выцінанка развіваецца, патрабуючы прызнання яе сучаснасці».
Так узнікла серыя з 30 аркушаў — адпаведна 30 артыкулам «Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека», — сказала народная мастачка.
«Што можа быць найбольш сучасным, усечалавечым і адначасова блізкім кожнаму з нас? Тэма правоў чалавека толькі на першы погляд незразумелая і далёкая. Традыцыйнае мастацтва і сучасныя касмапалітычныя з’явы падаюцца несумяшчальнымі. Тым цікавей дакрануцца да гэтай тэмы і спалучыць яе з нашым менталітэтам не праз словы, а праз традыцыйныя вобразы, сімвалы і кампазіцыйныя прыёмы. Выцінанка як ніякі іншы від народнага мастацтва стаіць толькі напачатку сваіх патэнцыяльных магчымасцяў. Кожная праца — спалучэнне артыкулу Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і рэчаіснасці, месцазнаходжання ў прасторы і часе, адчування сябе тут і цяпер. Гэта яднанне агульначалавечага і ўласнага. Згадванне каштоўнасцяў, на якіх толькі і могуць будавацца адносіны паміж людзьмі», — падкрэсліла Вольга Бабурына.
Удзельнікі адкрыцця экспазіцыі выказалі захапленне арыгінальнымі і цікавымі выцінанкамі Вольгі Бабурынай, адзначалі высокі ўзровень творчасці народнай мастачкі, якая набыла вядомасць як ў Беларусі, так і за яе межамі.