У судзе Крычаўскага раёна пачаўся разгляд чарговага пазова адміністрацыі ПМК да газеты “Вольны горад”
29 жніўня суд Крычаўскага раёна пачаў разгляд чарговага пазова КУП “Чэрыкаўскага ПМК-280” да газеты “Вольны горад”.
Падставай для пазова на гэты раз паслужыў артыкул “З абвяржэннем пачакаем”, падпісаны Ганнай Владавай, які быў змешчаны ў нумары газеты “Вольны горад” ад 29 чэрвеня.
Адміністрацыя КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” у пазове зноў вінаваціць газету “Вольны горад” у дыскрэдытацыі кіраўніцтва прадпрыемства і падрыве дзелавой рэпутацыі ПМК-280.
Раглядае справу па пазову Чэрыкаўскага ПМК да газеты “Вольны горад” суддзя суда Крычаўскага раёна Антаніна Качанава.
“Сёння пачаўся папярэдні разгляд гэтага пазову з боку Чэрыкаўскага ПМК да нашай газеты, - распавядае рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны:
– На судовым паседжанні прысутнічаў я і выдавец газеты “Вольны гарад” Уладзімір Кудраўцаў. Цягнулась яно дзесьці каля гадзіны, бакі агучылі свае пазіцыі. Ну а пасля суддзя Антаніна Качанава аб’явіла, што працяг судовага паседжання, на якім ужо будзе вырашана, задавальняць гэты пазоў адміністрацыі Чэрыкаўскага ПМК, ці не, адбудзецца 18-га верасня ў 14 гадзін”.
Па словах Сяргея Няроўнага, з неафіцыйных крыніц яму таксама стала вядома, што да газеты “Вольны горад” будзе пададзены яшчэ адзін пазоў, ужо ад імя працаўнікоў КУП “Чэрыкаўскага ПМК-280” Байгала і Конева, у якім тыя будуць патрабаваць капенсаваць маральную шкоду.
“Быццам бы памер гэтай маральнай шкоды яны ацанілі ў 16 мільёнаў рублёў, такая да мяне дайшла інфармацыя. Зразумела, што ініцыятарамі гэтага пазову на самай справе з’яўляюцца не простыя работнікі ПМК-280 Байгала і Конеў. Гэта працяг разнастайных спроб з боку чыноўнікаў ад ідэалогіі заткнуць рот журналістам газеты “Вольны горад”, - кажа Сяргей Няроўны.