Гомель: новае рашэнне аб масавых мерапрыемствах – старыя праблемы для арганізатараў
Напачатку верасня ўступіла ў сілу новае рашэнне Гомельскага гарвыканкаму аб масавых мерапрыемствах. Улады дэкларавалі, што прынятае яно з мэтай «пашырэння пераліку месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама ўдасканалення ўзаемадзеяння арганізатараў масавых мерапрыемстваў і мясцовых органаў улады». Разам з тым, хоць месцы і пашырыліся (замест адной пляцоўкі – дзве), але вызначылі іх у такім месцы, што патэнцыйных удзельнікаў пікетаў ці мітынгаў прыйшлося б прывозіць туды на адмыслова арэндаваным транспарце. Месцы тыя ў аддаленых раёнах. «Мясцовыя чыноўнікі ўсталявалі два новыя месцы – прадэманстравалі лібералізацыю ў гэтым плане. Але калі прыгледзецца да гэтых месцаў, дык яны яшчэ горш - таму што знаходзяцца на ўскраінах горада, там, дзе сустрэць жывога чалавека можна толькі ў выглядзе гаспадара, які выгульвае сабаку», - зазначае праваабаронца Леанід Судаленка.
«Старое» рашэнне дазваляла праводзіць масавыя мерапрыемствы ў адным-адзіным месцы ў горадзе – на пляцоўцы перад ДК «Віпра» таварыства глухіх, уключаючы дэманстрацыі і шэсці (на фота). Як на практыцы было магчымым правесці на адкрытай пляцоўцы 100 на 100 метраў шэсце альбо дэманстрацыю? «Гарвыканкам, напэўна, уяўляў - яго рашэнне дзейнічала ў горадзе больш за пяць гадоў. Часта ў судах рашэнне гарвыканкама па гэтым пытанні нават у суддзяў выклікала здзіўленне», - звяртае ўвагу праваабаронца.
Ён аналізуе сітуацыю з заключэннем арганізатарамі масавых мерапрыемстваў дамоў, калі для трох ці пяці чалавек, якія стаяць у пікеце, патрабаваўся ўзвод АМАП для аховы грамадскага парадку, карэта хуткай дапамогі і брыгада дворнікаў. Па словах Леаніда Судаленкі, аспрэчваючы аднойчы ў судзе абавязак заключаць вось гэтыя дамовы, ён правёў паралелі. Напрыклад, што было б, калі б гарвыканкам прыняў рашэнне, паводле якога кожны з пасажыраў грамадскага транспарту перад тым, як зайсці ў тралейбус, быў бы абавязаны яшчэ заключыць дамову на ахову грамадскага парадку ў салоне тралейбуса падчас паездкі? За тралейбусам за яго кошт павінна ехаць хуткая дапамога (ці мала каму стане дрэнна), і за кошт пасажыра трэба ў канцы дня прыбраць салон тралейбуса.
«Абсурд? Не менш абсурдным выглядае і рашэнне! У зале суду, калі я пра гэта гаварыў, смяяліся ўсе, нават чыноўнік з гарвыканкаму», - узгадвае суразмоўца.
У Камітэце па правах чалавека ААН на разглядзе зараз знаходзіцца больш за 30 скаргаў з Гомельскай вобласці, у якіх, апроч іншага, заяўнік просяць адмяніць «старое» рашэнне аб масавых мерапрыемствах. Па гэтых скаргах ідзе камунікацыя з урадам краіны, які вымушаны пастаянна тлумачыць еўрапейцам: чаму ў паўмільённым горадзе для мірных сходаў грамадзян існуе адзіная пляцоўка, і чаму за дазвол на іх правядзенне трэба плаціць. Акрамя таго, ёсць заключэнне Венецыянскай камісіі, у якім Закон аб масавых мерапрыемствах прызнаны не адпавядаючым праву кожнага на свабоду правядзення мірных сходаў і, як следства - на свабоду выказвання свайго меркавання. «Мяркую, што вось гэтыя ўсе абставіны і падштурхнулі ўладу выкласці мясцовае рашэнне ў новай рэдакцыі. Але новае рашэнне сітуацыі прынцыпова не змяніла», - упэўнены Леанід Судаленка.
Ён прыводзіць прыклад. Зараз замест трох дамоў трэба заключаць дзве. Міліцыя будзе ахоўваць бясплатна. Ужо пасля прыняцця новага рашэння актывісты ў Гомелі заявілі пікет, у якім было адмоўлена, бо не быў заключаны дагавор з паліклінікай. Арганізатары спрабавалі яго скласці, але медыцынскае начальства адказвае: не хапае карэт хуткай дапамогі. «Фактычна выканаць і новае рашэнне немагчыма! У тым выглядзе, у якім выкладзена новае рашэнне, яно не мае права існаваць у дэмакратычным грамадстве. Нават базавы Закон аб масавых мерапрыемствах дазваляе праводзіць сходы ў любых прыдатных для гэтых мэтаў месцах. Чыноўнікі ж кажуць – вось два месцы і ўсё. Заключыць дамову з паліклінікай немагчыма. Канстытуцыйныя гарантыі аб праве кожнага на мірны сход не толькі пастаўлена пад сумнеў - фактычна новае рашэнне забараняе свабодную рэалізацыю гэтага права», - падкрэслівае суразмоўца.
Ён з паплечнікамі звярнуліся ў верасні ў пракуратуру Гомельскай вобласці наконт законнасці новага рашэння. Але адказ быў такі: рашэнне зарэгістравана ў Нацыянальным рэестры нарматыўна-прававых актаў, прайшло экспертызу, значыць, з'яўляецца законным. Так лічыць намеснік пракурора Гомельскай вобласці Вадзім Сушчынскі. «І ні слова ў адказе пра тое, што закон дазваляе праводзіць сходы ў любых прыдатных для гэтых мэтаў месцах, а рашэнне забараняе! Пракуратуру не цікавіць - чаму ў абласным цэнтры вось ужо 10 гадоў улада забараняе праводзіць мірныя сходы грамадзян», - абураецца суразмоўца.
Такія рашэнні існуюць ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах, за выключэннем Мінску. Толькі ў сталіцы кожная заяўка на масавае мерапрыемства разглядаецца індывідуальна, толькі там улада дазваляе правядзенне масавых мерапрыемстваў. У іншых месцах, у тым ліку ў Гомелі – поўная забарона. У Гомелі з 2004 году ўлады не дазволілі ніводнага пікету альбо мітынгу. Новае рашэнне, як бачым, не спрыяе выпраўленню такой сітуацыі.