Павел Вінаградаў зноў за кратамі
Затрыманы ў Менску актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Павел Вінаградаў 27 верасня асуджаны судом Савецкага раёна сталіцы да 15 сутак арышту. Як паведаміла жонка актывіста Святлана Вінаградава, ён прызнаны вінаватым па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання). Такое рашэнне абвесціў суддзя Кірыл Полулех. Айца Паўла Вінаградава, затрыманага разам адпусцілі, кажа Святлана Вінаградава.
- Праводзіў акцыю на плошчы Якуба Коласа са свінымі галовамі, да якіх былі прымацаваныя плакаты рознага зместу. Пасля гэтага ён паехаў дамоў і яго каля дома затрымалі разам з бацькам. У выніку, позна ўвечары бацьку вызвалілі, то бок над ім суда не было. Паўлу прысудзілі 15 сутак. Перадачу я яму ўжо сёння раніцай перадала. На наступным тыдні да яго пойдзе адвакат.
Лідар «Zмены» - моладзевага крыла грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» - быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ля пад'езда свайго дома. Ён вяртаўся з акцыі, якую актывісты «Zмены» правялі на плошчы Якуба Коласа. Удзельнікі акцыі расставілі на лаўках свіныя галовы з плакатамі, што заклікалі вызваліць палітвязняў, падняць заробкі лекараў, не ўводзіць выязную пошліну ды іншымі. Разам з Паўлам быў затрыманы яго бацька, які апынуўся побач зусім выпадкова, адзначыла жонка Вінаградава.