Супрацоўнікі мінскага АМАПу чысцілі кішэні мінчукоў
Крымінальная справа распачатая ў адносінах адразу чатырох ужо былых міліцыянтаў.
Матэрыялы па гэтай справе сабралі Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй ды Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі.
З чатырох АМАПаўцаў двое служылі ў званні старшых сяржантаў, яшчэ двое — сяржантаў. Усе яны лічыліся аднымі з лепшых супрацоўнікаў падраздзялення, неаднаразова заахвочваліся кіраўніцтвам.
У справе фігуруюць два эпізоды з крадзяжом у мінчукоў 3,8 і 1,5 млн рублёў. Аднак не выключана, што насамрэч пацярпелых можа быць больш. Следчыя высвятляюць, як даўно міліцыянты займаліся гэтым.
Дарэчы, праверка па падазрэнні ў тым, што АМАПаўцы «чысцяць» кішэні мінчукоў, пачалася яшчэ ў траўні 2013 года.
Аднак справу распачалі толькі цяпер. За гэты час чатырох байцоў звольнілі, але не за крымінал, а «па пагадненні бакоў».
Трое ўжо былых АМАПаўцаў затрыманыя, аднаму ўдалося ўцячы.