Дашкевіч: Эўразьвяз нешта наблытаў з уключэннем Аляксандра Лапаткі ў "чорны спіс"
Дашкевіч заявіў:«Альбо няправільна дадзена назва калёніі, бо калі калёнія № 9, то гэта горацкая. Альбо няправільна дадзены нумар калёніі, бо калі гэта мазырская, то яна № 20. То тады, адпаведна, і няправільна дадзена прозьвішча намесьніка начальніка па апэратыўна-рэжымнай працы. У выніку невядома, хто ў гэтым сьпісе. Калі намесьнік мазырскай калёніі, то трэба даваць іншае прозьвішча. Калі намесьнік 9-й калёніі, то трэба пісаць „горацкай“. Таму тут, відаць, нехта наблытаў: ці перакладчыкі, ці Эўразьвяз. Лапатка пры мне быў намесьнікам начальніка горацкай калёніі па апэратыўна-рэжымнай працы. У прынцыпе, ён ніякіх рэпрэсій не ўчыняў, быў больш-менш адэкватным чалавекам. Усе рэпрэсіі на той момант чыніў кіраўнік апэратыўнага аддзелу Петраковіч. У яго быў такі „сматрыла“ за зонай Ваня Іваноў, і яны рукамі блатных і фізычныя расправы ўчынялі, і іншыя разборкі. Каардынаваў гэта Петраковіч, які быў начальнікам апэратыўнага аддзелу, а цяпер ён стаў намесьнікам начальніка па апэратыўна-рэжымнай працы. Бо начальнік горацкай калёніі Кавалёў, якога ў 2011 годзе ўнесьлі ў сьпіс неўязных, сышоў з пасады».
Карэспандэнт: «На твой погляд, каго з турэмшчыкаў варта было ўнесьці ў сьпіс ЭЗ?»
Дашкевіч: «Варта многіх турэмшчыкаў, празь якіх, напрыклад, асабіста я праходзіў. У Горацкай калёніі гэта найперш Петраковіч. У Мазырскай калёніі, канечне, начальнік, які пагражаў мне расправай і ягоны намесьнік — на жаль, ня памятаю іх прозьвішчы. Пагражалі і сэксуальнай, і фізычнай расправай. Варта ўнесьці і начальніка віцебскай турмы, які забараняе зэкам карыстацца лыжкамі, і яны ядуць цюбікамі ад пасты ці футараламі ад зубных шчотак.
Шкада, што прадстаўнікі ЭЗ не кансультуюцца з тымі людзьмі, якія маглі б даць больш дакладныя тлумачэньні па тых ці іншых пэрсаналіях».