viasna on patreon

Страсбургскія сустрэчы

2013 2013-10-31T16:35:16+0300 2013-10-31T16:35:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі. З блогу на “Беларуском партизане”.Першыя лісты-успаміны з гэтай серыі былі напісаныя ў верасні 2012 года, апошнія – у чэрвені 2013:

9 верасьня 2012 г., Бабруйск

Пасьля выступу на палітычным камітэце Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ў нас былі сустрэчы з групамі парламетарыяў па краінах. Я папрасіў калегаў трымацца такога ж сцэнару нашых выступаў. Адно што мы скарацілі працягласьць сваіх прамоваў да 4–5 хвілінаў, каб змаглі выступіць усе ўдзельнікі нашай групы. Мы зьбіраліся акцэнтаваць увагу на тым, каб Рада Еўропы больш актыўна выкарыстоўвала свае магчымасьці ў працы зь Беларусьсю і каардынавала свае дзеяньні зь іншымі міжнароднымі структурамі. Праўрадавы палітолаг, які быў у нашай дэлегацыі, быў задаўлены колькасьцю крытычных выступаў, і ягоны голас зводзіўся да аднаго: ну не ўсё ж так дрэнна ў Беларусі.

Да вечара было пяць сустрэчаў у нацыянальных групах, і мы пад канец дня былі моцна стомленыя. Гаварылі адное і тое ж, і толькі другая частка гэтых сустрэчаў, там, дзе былі пытаньні, была адрознаю. Пасьля апошняй сустрэчы мы сядзелі, змучаныя, у невялікай сьветлай залцы і моўчкі пілі каву і мінералку. “Яшчэ адзін дзень такіх сустрэчаў — і я не буду сябе любіць”, — паскардзілася праваабаронка. “А што зробіш, — падбадзёрваў я калегаў, — гэта нашая праца. Будзем хоць сто разоў паўтараць адно і тое ж. Галоўнае, каб быў плён”.

Назаўтра апроч такіх самых сустрэчаў з нацыянальнымі дэлегацыямі парламентарыяў у нас былі запланаваныя дзьве сустрэчы з групамі дэпутатаў, якія працавалі на Беларусі. У першую групу, якая традыцыйна займалася Беларусьсю, уваходзілі ў асноўным дэпутаты з польскага, літоўскага і нямецкага парламентаў. Ачольвала групу нямецкая дэпутатка. Мы размаўлялі больш глыбока і падрабязна, чым з нацыянальнымі дэлегацыямі. Мы больш поўна абгаворвалі розныя варыянты магчымых дзеяньняў Рады Еўропы ў справе вызваленьня палітзьняволеных.

Сустрэча была плённаю, усе пайшлі з кабінета на наступную сустрэчу. Мяне кіраўнічка групы папрасіла затрымацца. “Мы атрымліваем ад вас інфармацыю, — сказала яна. — Далей мы тут, на міжнародным узроўні прымаем адпаведныя захады, размаўляем з вашымі ўладамі і не баімся, што нас за гэта пасадзяць у турму. А вось вас у Беларусі могуць пасадзіць за такую дзейнасьць, за вашую актыўнасьць. Вы павінныя быць больш разважлівымі і асьцярожнымі. Бярыце прыклад з “Amnesty International”, — працягвала яна. Я адказаў, што “Вясна”, гэтаксама як і “Amnesty”, зьяўляецца самастойнай праваабарончай арганізацыяй і самастойна вызначае тактыку і стратэгію сваіх дзеяньняў. “Вас пасадзяць у турму, а мы застанемся без інфармацыі”, — працягвала яна. “Мы не будзем сядзець склаўшы рукі, — адказваў я. — Значыць, такі наш лёс”. На гэтым нашая размова скончылася. Мы былі абое незадаволеныя ёй.

Пасьля абеду адбылася сустрэча з групаю дэпутатаў па расьсьледаваньні падзеяў 19 сьнежня. На яе прыйшоў старшыня групы дэпутат з Чэхіі і польскі дэпутат з сацыял-дэмакратаў. Размова зь імі была яшчэ больш расчаравальнай. Мы намаўлялі іх, каб яны як мага хутчэй, бо мінула ўжо амаль чатыры месяцы, падрыхтавалі свой даклад па 19 сьнежня, каб яны каардынавалі сваю дзейнасьць зь іншай групаю па расьсьледаваньні падзеяў 19 сьнежня, створаную ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ. Мы ж, са свайго боку, абяцалі даць ім усю патрэбную інфармацыю і ўсе неабходныя для збору фактаў кантакты.

Але дэпутаты былі непад’ёмнымі. А ці здолеем мы падрыхтаваць такі даклад без згоды беларускіх уладаў, а ці пусьцяць яны нас у Беларусь, а ці зьбяром мы неабходную інфармацыю, і ўрэшце — а ці не нашкодзіць наш даклад беларускай грамадзянскай супольнасьці. Мы іх цярпліва пераконвалі ў патрэбе такога даклада і падпіхвалі іх да дзейнасьці, як маглі. Урэшце нам гэта надакучыла, і мы, абмяняўшыся міжсобку красамоўнымі поглядамі, замоўклі. Так, памаўчаўшы некалькі хвілінаў, мы разышліся. “Навошта было ствараць такую групу, якая нічога не робіць?” — абуралася жонка палітзьняволенага. Я нічога не мог адказаць ёй на яе пытаньне.

А ўвечары я пайшоў да Кірыла ў госьці. Кірыл — малады, высокі, з шапкаю кучараў на галаве, юрыст-міжнароднік. Ён расіянін, выкладчык Страсбургскага ўніверсітэта, актывіст і эксперт FIDH, быў падрыхтаваў некалькі скаргаў расійскіх грамадзянаў да міжнароднага суда па правах чалавека, таксама ён браў удзел у некалькіх дасьледчых місіях FIDH. У 2007 годзе ён разам з Суэр Белхасен, прэзідэнтам FIDH, прыязджаў у Беларусь, у выніку чаго зьявіўся даклад «Умовы ўтрыманьня пад вартай у Рэспубліцы Беларусь». Улетку 2010 года мы разам зь ім і яшчэ адным дасьледчыкам французам езьдзілі ў дасьледчыцкую місію ў Кіргізію, пра якую я ўжо пісаў.

Месяц таму, у сакавіку, Кірыл па нашым запрашэньні прыязджаў у Беларусь у якасьці дасьледчыка па падрыхтоўцы чарговага даклада FIDH, прысьвечанага аналізу сітуацыі падчас і пасьля выбараў. Апроч абавязковых падчас беларускіх місіяў сустрэчаў, збору матэрыялаў, Кірыл, між іншага, за гэтыя дзьве паездкі засвоіў канструкцыю беларускай мовы, нанізаў на яе, колькі змог, засвоенай лексікі і ў выніку мог даволі ўдала зьвязаць колькі неабходных для сумоўя фразаў па-беларуску. На добрым узроўні ён ведаў усе асноўныя еўрапейскія мовы, размаўляў і чытаў на іх розную прававую літаратуру, кодэксы, законы, судовыя выпадкі. Ён адчуваў сябе ў еўрапейскай юрыспрудэнцыі як рыба ў вадзе.

У Парыжы, дарэчы, у сядзібе FIDH былі сумневы, ці варта рабіць даклад па падзеях у Беларусі, калі ўжо быў падрыхтаваны даклад “Human Rights Watch”. Але я пераканаў супрацоўнікаў парыжскага офіса ў тым, што такі даклад будзе зусім не лішнім, ён будзе чарговым замерам сітуацыі, якая хутка зьмянялася, і таму будзе мець адметную каштоўнасьць.

Місія ў Беларусь адбылася. І калі мяне запрасілі ў гэтую паездку ў Страсбург, то я сьпісаўся з Кірылам, і мы дамовіліся зь ім сустрэцца, каб у тым ліку паразмаўляць і пра даклад місіі, які рыхтаваўся ў гэты час.

Кватэра, якую ён здымаў разам са сваёй жонкаю, аказалася ў дваццаці хвілінах хады ад будынкаў Рады Еўропы. Гэта быў ужо прыгарад Страсбурга, таксама як і тая вёсачка, дзе я здымаў гатэль, дагледжаны спальны раён, прыстасаваны і ўладкаваны для ўтульнага жыцьця, са стагадовымі двух- і трохпавярховымі адрэстаўраванымі дамамі, зь зялёнымі, няпраўдападобна дагледжанымі газонамі і старым касьцёлам у цэнтры колішняй прыстрасбургскай вёскі. Кватэра была аднапакаёваю, з маленькай варыўняю, шырокай канапаю, кніжным сталом, музычным цэнтрам, гітараю і нотбукамі, такое тыповае моладзевае жытло, заваленае юрыдычнымі кодэксамі на розных мовах. Я падарыў Кірылу “Шалом” ад Артура Клінава, якую браў сам прачытаць, ды не пасьпеў, — няхай практыкуецца. Кірыл адварыў белыя нямецкія сасіскі, дастаў піва зь лядоўні, і мы паселі ў крэслах, п’ючы піва і абмяркоўваючы розныя навіны. А праваабаронцам, нават калі розьніца ва ўзросьце ў іх у 20 гадоў, ёсьць заўсёды пра што пагаварыць. Неўзабаве прыйшла ягоная жонка і далучылася да нашай кампаніі.

Сваю частку даклада Кірыл ужо завяршыў і распытваўся ў мяне пра апошнія навіны ці факты, якія яго цікавілі і маглі б штосьці дадаць у даклад. А пасьля мы яшчэ паразмаўлялі пра тое, што ў яго сканчаецца кантракт са Страсбургскім універсітэтам і ён жадаў бы быць больш далучаным да беларускіх справаў. Кірыл распытваўся пра Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні, ці можна было б яму паспрабаваць уладкавацца туды і пачытаць курс лекцыяў. Вядома, што я падтрымаў ягоную ідэю. Кірыл быў выдатным юрыстам — міжнароднікам і адначасова праваабаронцам, і ягоны ўзровень ведаў і практычны вопыт, нягледзячы на маладосьць, былі б карыснымі для беларускіх студэнтаў. Кірыл нават паабяцаў, што калі атрымаецца ўладкавацца, то ён будзе гатовы выкладаць па-беларуску.

Мы засядзеліся, гамонячы, дапазна. І ў гатэль я вяртаўся на таксоўцы.

Назаўтра зранку, прыйшоўшы пешшу да будынка Рады Еўропы, на ганку я сустрэўся з калегамі, якія распавялі, хто ўчора выступаў. І ён (Лукашэнка – рэд.) нервова і раздражнёна, калі не з пагрозаю ў голасе, адгукнуўся аб прадстаўніках радыкальнай апазіцыі, якія ў той час, калі ў краіне жалоба і смутак па загінулых падчас тэракту ў метро, займаюцца паклёпніцтвам і наладзілі ў Страсбургу танцы на касьцях. Гэтае выказваньне ўчора некалькі разоў круцілі падчас навінаў па ўсіх дзяржаўных тэлевізійных каналах. І яно адносілася менавіта да нас. Наш страсбургскі апякун Пітэр быў устрывожаны гэтай інфармацыяй.

У гэты дзень было ізноў некалькі сустрэчаў. Відавочна, што Пітэр са швейцарскай педантычнасьцю вырашыў выціснуць з нашай паездкі і з нас па-максімуму. Мы крахталі, але цярпелі, усе пагаджаліся, што не гуляць жа мы сюды прыехалі.

Найбольш цікаваю была сустрэча зь Венецыянскай камісіяй, да якой мы спрабавалі дагрукацца аж з 2006 года. Інтарэс беларускіх праваабаронцаў быў у тым, каб гэтая камісія пры Радзе Еўропы, складзеная з аўтарытэтных юрыстаў, дасьледавала і зрабіла сваё заключэньне па артыкуле Крымінальнага кодэкса Беларусі, які прадугледжвае адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Менавіта па гэтым артыкуле 193.2 у 2006 годзе судзілі актывістаў “Партнёрства” — арганізацыі, якая спрабавала наладзіць назіраньне за папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі. Па ім жа былі асуджаныя некалькі актывістаў “Маладога Фронту”.

У выпадку прызнаньня Венецыянскай камісіяй гэтага артыкула неадпавядальным міжнародным нормам беларускія ўлады апынуліся б у даволі непрыемнай сітуацыі. Тады, на добры лад, трэба было б прыбіраць гэты рэпрэсіўны артыкул з Крымінальнага кодэкса, а справядлівасьць асуджэньня па гэтым артыкуле мела б яшчэ большы сумнеў.

Згодна з існуючымі працэдурамі, ініцыяваць такі разгляд у Венецыянскай камісіі могуць дэпутаты Рады Еўропы. Таму ва ўсе папярэднія сустрэчы мы настойліва прасілі дэпутатаў выступіць з такой ініцыятываю.

З адной з выканаўчых супрацоўніц Венецыянскай камісіі ў нас і адбылася размова. Нас цікавілі персьпектывы такога разгляду, ягоныя магчымыя тэрміны. Яна пацьвердзіла, што гэта магчыма, і распавяла аб працэдуры такога разгляду і прыняцьця рашэньня. Сустрэчаю мы засталіся задаволеныя. Калі намоўленыя дэпутаты не падвядуць нас, то неўзабаве такі зварот зьявіцца ў Венецыянскай камісіі і на працягу года па ім будзе прынятае юрыдычнае заключэньне.

У гэты ж дзень адбылася яшчэ адная памятная і прыкметная сустрэча з Генеральным сакратаром Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ). Мы сядзелі ў кабінеце, чакалі яго і размаўлялі зь ягоным дарадцам і памочнікам, хлопцам гадоў 35, расіянінам. Генсек затрымліваўся, дарадца-расіянін частаваў нас каваю, мы гаварылі пра магчымасьці далейшага супрацоўніцтва Беларусі і Рады Еўропы. Прагнозы і ў яго, і ў нас былі песімістычнымі. Толькі як быццам бы наладзіліся нейкія працоўныя стасункі, адчыніўся інфармацыйны цэнтр Рады Еўропы ў Менску, пайшлі сумесныя семінары, паездкі — і вось, такі адкат пасьля 19 сьнежня. Еўрапейскія палітыкі, казаў ён, стаміліся распрацоўваць планы, пабудаваныя на аптымізме, бо беларускі бок перакрэсьлівае гэтыя планы і яны ляцяць у кош. Прасьцей заняць выразную негатыўную пазіцыю і чакаць, пакуль у самой Беларусі не пачне штосьці сур’ёзна мяняцца.

Так, пагаджаліся мы, толькі зьмены ў самой Беларусі могуць зьмяніць сітуацыю. Мы ж, праваабаронцы, зацікаўленыя ў тым, каб еўрапейскія палітыкі і чыноўнікі не ўжывалі да Беларусі двайныя стандарты. Бо нішто так не падрывае веру ў справядлівасьць дэмакратычнага грамадства, нішто так не дэмаралізуе яго, як розны падыход і розная ацэнка адных і тых жа зьяваў і падзеяў. Калі Беларусь пазіцыянуецца і голасна абвяшчаецца еўрапейскай дзяржаваю, то і падыход да яе павінен быць, як да еўрапейскай дзяржавы.

Дарадца Генсека пагадзіўся. “Так, — сказаў ён, — калі бываеш у Менску, дык адчуваеш, што гэта еўрапейскі горад. У мяне ёсьць знаёмыя беларусы, — працягваў ён, — адукаваныя і прасунутыя людзі. Праўда, у апошнія гады зьявілася непрыемная рыса ў нашых размовах. Здаецца, усе мы выйшлі з Савецкага Саюза, а вось пачынаеш зь імі размаўляць у нефармальных абставінах, за півам, і ўсе беларусы, як адзін, крытыкуюць Расію. І тое ў Расіі пагана, і гэта”.

Мы пераглянуліся і прамаўчалі.

Урэшце прыйшоў Генсек ПАРЕ. Ён быў узрушаны і ўстрывожаны крытычнымі выказваньнямі ў наш бок і сказаў, што выступіць з заяваю і сустрэнецца зь беларускімі прадстаўнікамі пры Радзе Еўропы, каб папярэдзіць іх пра недапушчальнасьць нашага перасьледу.

А ўвечары Пітэр запрасіў нас да сябе дадому ў госьці. У гэты дзень ён прыехаў на працу на арандаваным мінівэне. Пасьля ўсіх сустрэчаў мы пагрузіліся ў яго і паехалі ў прыгараднае сяло, дзе Пітэр зь сям’ёй арандаваў для жытла дом. Дом быў невялікі, але ўтульны, з прасторнай варыўняю і гасьцёўняю на першым паверсе, спальнямі на мансардзе і адкрытай верандаю з мангалам. Дворык быў невялікі, мо зь якіх дзьве соткі, адгароджаны ад суседзяў жываплотам, на ім быў газон, расла трава. Жонка ў Пітэра была славенкаю, удома ў сябе працавала ў праваабарончай арганізацыі, пакуль не выйшла замуж, у іх было двое сыноў. Зь дзецьмі яны размаўлялі на швейцарскім дыялекце нямецкай мовы.

Вось табе і зьліцьцё моваў, думаў я. Людзі ў цэнтры Еўропы берагуць свае дыялекты, не саромеюцца іх, не забываюць, вучаць размаўляць на іх дзяцей. Бо яны шануюць роднае слова, адчуваюць ягоную значнасьць для ўласнай самаідэнтыфікацыі. А мы, беларусы, не тое што дыялекты пакідаем, дык і самую літаратурную мову занядбалі.

Нас частавалі чыпсамі, гарэшкамі, смажанымі на мангале сасіскамі і антрэкотамі зь півам. Заўтра быў адлёт, нашая праграма візіту скончылася. Пітэр, запінаючыся, выбачаўся за тое, што наш візіт паставіў нас пад пагрозу, а потым сказаў, што калі хто з нас хоча перачакаць гэты напружаны час, то можна застацца ў іх удома на месяц і пажыць тут. Мы са сьмехам і жартамі шчыра падзякавалі яму. Ніхто з нас не зьбіраўся здаваць квіткі.

Увечары у гатэль на сотавы патэлефанаваў мой калега і сябар зь “Вясны” і сказаў, што будзе сустракаць мяне ў аэрапорце.

Калі на наступны дзень я прыляцеў у менскі аэрапорт, то без праблемаў прайшоў мяжу і мытню. Мае калегі-праваабаронцы сустрэлі мяне. “Мы апасаліся, што цябе могуць арыштаваць проста ў аэрапорце”, — казалі яны. Мне быў прыемны іхні клопат. Відаць, час для арышту яшчэ не наступіў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства