viasna on patreon

Дзяржорганы пакрываюць складальнікаў “чорных спісаў”

2013 2013-11-11T13:58:04+0300 2013-11-13T12:00:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich_2013.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч у перапісцы з рознымі дзяржаўнымі ўстановамі пакуль так і не атрымаў адказу наконт таго, на падставе рашэння якога паўнамоцнага дзяржаўнага органа  сайт spring96.org унесены ў спіс інтэрнэт-рэсурсаў абмежаванага доступа.

У.А. Рабаволаў, першы намеснік начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, на зварот праваабаронцы адказаў, што “ААЦ не валодае інфармацыяй” і параіў “звяртацца ў адрас РУП “БелДІЭ” для разгляду па сутнасці пастаўленага пытання”.  

З Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства па наглядзе за электрасувяззю “Бел ДІЭ” Стэфановіч нічога ўцямнага таксама не атрымаў. Замест абяцанага ААЦ адказу па сутнасці РУП “БелДІЭ” адпісалася: “Нарматыўнымі прававымі актамі не рэгламентаваны паўнамоцтвы РУП “БелДІЭ” па распаўсюджванню інфармацыі аб ідэнтыфікатарах інтэрнэт-рэсурсаў, якія змяшчаюцца ў спісе абмежаванага доступу”. Разам з тым прадпрыемства дало пералік упаўнаважаных дзяржорганаў, на падставе рашэнняў кіраўнікоў якіх такія спісы фармуюцца: Камітэт дзяржаўнага кантролю, Генеральная пракуратура, ААЦ, рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання.

Наступным крокам  начальнік “БелДІЭ” С.І. Багданаў прапаноўвае Валянціну Стэфановічу накіраваць звароты ва ўсе гэтыя ўпаўнаважаныя органы, пасля чаго абскардзіць іх дзеянні ў судзе. Праваабаронца кажа, што расцэньвае такую прапанову як непрыхаваны здзек і далей будзе звяртацца ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, паколькі адказ, які ён атрымаў з дзяржаўнай інспекцыі па электрасувязі, па сутнасці не з’яўляецца адказам на пастаўленае ім пытанне.

Нагадаем, спіс “забароненых” інтэрнэт-рэсурсаў з’явіўся згодна з пастановай ААЦ ад 29 чэрвеня 2010 года. Сярод іншых у яго трапіў сайт Праваабарончага цэнтра «Вясна» spring96.org. Паводле інфармацыі Уладзіміра Рабаволава, на люты бягучага года ў спіс было ўнесена 119 рэсурсаў, якія ў асноўным утрымліваюць матэрыялы парнаграфічнага і экстрэмісцкага характару ці парушаюць аўтарскія правы. Доступ да іх закрыты на абавязковай аснове ў дзяржаўных органах, установах адукацыі і культуры.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства