viasna on patreon

Сябры, удзельнікі Чарнобыльскага шляху! Хопіць дараваць уладам зьбіцьцё і фізічны гвалт, які яны выкарыстоўваюць супраць удзельнікаў мірных акцый!

2007 2007-04-27T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 красавіка ўвечары пасьля завяршэньня дазволенага Менгарвыканкамам мірнайга шэсьця, прысьвечанага 21 угодкам Чарнобыльскай катастрофы, супрацоўнікі сьпецпадраздзяленьяў пачалі затрымліваць і зьбіваць людзей з бел-чырвона-белымі сьцягамі ў раёне плошчы Бангалор каля рэстарана «Макдональдс». Многім актывістам былі нанесеныя цяжкія фізічныя пашкоджаньні, пра што афіцыйныя крыніцы інфармацыю замоўчваюць. У той жа самы час, паведамляецца пра нібыта чэрапна-мазгавую траўмы, атрыманую супрацоўнікам праваахоўных органаў падчас інцыдэнту, у выніку чаго ён зьмешчаны ў шпіталь. "Мы прагледзем відэаматэрыялы, зьнятыя падчас акцыі апазіцыі, высьветлім, хто парушаў грамадзкі парадак і хто нанёс траўму супрацоўніку міліцыі, пасьля чаго будзе прынятае рашэньне пра санкцыі", - заявілі прадстаўнікі міліцыі.

Як паведаміў БелаПАН, вяртаючыся дахаты пасьля жалобнага шэсьця быў зьбіты разам з жонкай вядомы беларускі літаратуразнаўца Уладзімір Содаль, якому ў гэтым годзе спаўняецца 70 гадоў. Адзін з пацярпелых заявіў, што супрацоўнік ПМСП пакусаў яго за руку. У выніку 16 чалавек безпадстаўна былі дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС, зьнятыя на відэа і адпушчаныя без складаньня пратаколаў. Некаторыя з іх пасьля вызваленьня зьвярнуліся ў кругласуткавы траўмапункт 19-ай паліклінікі за медычнай дапамогай.

Як стала вядома ПЦ "Вясна", сёньня заяву ў пракуратуру і начальніку Цэнтральнага РУУС накіраваў адзін з пацярпелых актывістаў - Шамкаловіч Іван, якога жорстка зьбілі сілавікі ў чорнай вопратцы ў міліцэйскім аўтобусе падчас дастаўкі ў пастарунак. Падобныя дзеяньні ўладаў зьяўляюцца катаваньнем і грубым парушэньнем правоў чалавека, і дарэмна літаратуразнаўца Уладзімір Содаль лічыць бессэнсоўным абскарджваньне дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі.

Так, сапраўды, беларускім праваабаронцам да гэтага часу не вядомы ні водны факт прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці міліцыянта, які зьбіў чалавека менавіта за выказваньне сваёй грамадзянскай пазіцыі ці палітычных поглядаў. Але, калі не прымаць ніякіх мер у адказ, - гэта значыць, не проста дараваць уладам фізічнае глумленьне над мірнымі людзьмі, гэта значыць, падпарадкавацца і садзейнічаць росквіту ўседазволенасьці і беззаконьня з боку праваахоўных органаў.

Не бойцеся сказаць рашучае "НЕ".

За свае правы варта змагацца.

ПЦ "Вясна" заклікае ўсіх пацярпелых удзельнікаў мірнай жалобнай акцыі накіраваць заявы ў РУУС, у пракуратуру, каб прыцягнуць да адказнасьці байцоў сьпецпадразьдзяленьняў, якія перавысілі (мякка кажучы) свае службовыя абавязкі. У заяве патрабуйце:

1. Правесьці праверку апісаных вамі фактаў.

2. Выдаць накіраваньне на правядзеньне судзебна-медыцынскай экспертызы з мэтай устанаўленьня нанесеных цялесных пашкоджаньняў.

3. Знайсьці і ўстанавіць асобаў, якія дапусьцілі супрацьпраўныя дзеяньні.

4. Узбудзіць крымінальную справу па факту зьбіцьця.

5. Пісьмова праінфармаваць вас аб выніках праведзенай праверкі.

У якасьці прыкладу можна выкарыстаць некалі пададзеную ў пракуратуру скаргу па факту зьбіцьця, зьмешчаную на нашым сайце: www.spring96.org/ru/news/3274/.

Калі ў вас узнікнуць дадатковыя пытаньні ці нейкія праблемы - пішыце на наш электронны адрас, і мы дапапожам. Калі вы ўсё ж такі не гатовыя зьвяртацца ў беларускія дзяржорганы, бо лічыце, што гэта можа адмоўна паўплываць на працу альбо вучобу, таксама пішыце нам: мы не будзем распаўсюджваць зьвесткі ў сродках масавай інфармацыі, але мы зможам давесьці да міжнароднай супольнасьці, у камісію супраць катаваньняў і іншых жорсткіх і бесчалавечых абыходжаньняў.

Ведайце, што ў будучым гэтым фактам будзе дадзена адпаведная юрыдычная ацэнка, як гэта робіцца зараз у шмат якіх краінах, у тым ліку ў Аргенціне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства