viasna on patreon

Суд адхіліў скаргу журналіста на вынесены яму штраф за дзейнасць у інтарэсах замежных СМІ

2007 2007-04-27T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

27 красавіка Гомельскі абласны суд адхіліў скаргу карэспандэнта недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН у рэгіёне Анатоля Гатоўчыца на вынесены 26 сакавіка судом Цэнтральнага раёна Гомеля штраф у памеры 2 базавых велічынь (62 тысячы рублёў) за дзейнасць у інтарэсах замежных СМІ.

17 сакавіка пракурор вобласці Алег Палавінка на падставе апытанняў супрацоўнікамі камітэту дзяржбяспекі некаторых работнікаў дзяржаўных устаноў Гомельскай вобласці на прадмет таго, як іх меркаванні з’явіліся на сайце “Радыё Свабода” (www.svaboda.org), накіраваў у суд Цэнтральнага раёна пратакол у дачыненні Анатоля Гатоўчыца аб недапушчальнасці парушэння п.9 Палажэння аб знаходжанні і прафесійнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь карэспандэнтаў замежных СМІ і арт. 40 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”.

Журналіста абвінавацілі ў тым, што пасля афіцыйнага папярэджання, вынесенага ў 2006 годзе, ён працягваў незаконна ажыццяўляць сваю дзейнасць ў інтарэсах замежных СМІ: падчас гутарак з работнікамі дзяржаўных устаноў, у тым ліку па тэлефоне, нібыта без паведамлення і згоды запісваў гутаркі на тэхнічныя сродкі і перадаваў атрыманыя “аўдыяфрагменты і тэкставыя каментары да іх у рэдакцыю амерыканскай радыёстанцыі “Радыё Свабода”, дзе яны выкарыстоўваліся ў якасці рэпартажаў і артыкулаў на афіцыйным сайце”.

Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН накіравала ў Гомельскі абласны суд даведку ад 10.04.2007г., у якой паведамляецца, што Анатоль Гатоўчыц супрацоўнічае з інфармагенцтвам на падставе працоўнага кантракту ад 10.07.2006 года. І, паводле з кантракта, у абавязкі журналіста ўваходзіць падрыхтоўка “інфармацыйных і аналітычных матэрыялаў, у тым ліку аўдыяматэрыялаў”.

Згаданыя ў пратаколе пракуратуры матэрыялы “Тураў: створаны амэрыканцамі рэабілітацыйны цэнтар прастойвае”, “Гомельская міліцыя верыць у бамжоў, а не ў прывіды”, “Пайшлі ў грыбы – і не вярнуліся”, “Школы рыхтуюцца да навучальнага году за кошт бацькоў” сапраўды падрыхтаваны Анатолем Гатоўчыцам і перададзены ў ЗАТ “БелаПАН”. Названыя матэрыялы выстаўлены на сайце інтэрнэт-газеты БелаПАН “Беларускія навіны”, публікацыі з якога маюць права выкарыстоўваць любыя сродкі масавай інфармацыі Беларусі і іншых краін, – тлумачыцца ў даведцы.

Абаронца журналіста ў судзе Пётр Барысаў прывёў такую паралель: “Зыходзячы з логікі праваахоўных органаў, калі б інфармацыйныя матэрыялы з’явіліся на сайце Асамы Бен Ладэна, то карэспандэнта можна было б прыцягваць да адказнасці за ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі”.

Апрача таго, журналіст аштрафаваны на падставе артыкула 23.1 новага Адміністрацыйнага кодэкса – нормы, якая наогул не дзейнічала на момант здзяйснення так званых парушэнняў.

Між іншым, беларускае заканадаўства дазваляе любому грамадзяніну збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, рыхтаваць журналісцкія матэрыялы і прапаноўваць іх СМІ, у тым ліку і замежным. Рэспубліка Беларусь ратыфікавала таксама ў 1992 годзе Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, дзе запісана, што “…кожны грамадзянін мае права на свабоднае выказванне сваіх поглядаў; гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць любога роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці шляхам друку ці мастацкіх форм выказванняў ці іншымі шляхамі па свайму выбару”.

Довады касацыйнай скаргі і тлумачэнні, пісьмовыя даведкі з працы суддзя абласнога суда Аляксандр Сужаеў пад увагу не ўзяў.

Журналіст Гатоўчыц наважаны абскардзіць пастанову аб штрафе у Вярхоўным судзе, бо лічыць адміністрацыйную справу палітычнай замовай і забаронай на прафесійную дзейнасць, паведаміў БАЖ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства