viasna on patreon

Кандыдатаў не білі і не арыштоўвалі. Нататкі з прэзідэнцкіх выбараў у Грузіі

2013 2013-11-29T13:49:30+0300 2013-11-29T13:49:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vialichkin-gruzia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Вялічкін назірае за падлікам галасоў.

Уладзімір Вялічкін назірае за падлікам галасоў.

Ад самага пачатку нашага прыбыцця ў Тбілісі нас запэўнівалі, што гэтыя выбары – ў параўнанні з папярэднімі -- самыя спакойныя.

І сапраўды, нідзе не было бачна нейкага ажыятажу -- толькі шмат плакатаў ды некалькі білбордаў з выявамі кандыдатаў. Цэнтральнай выбарчай камісіяй былі зарэгістраваныя 23 кандыдаты, але, нягледзячы на вялікую колькасць прэтэндэнтаў, выбары праходзілі павольна і толькі тры кандыдаты відавочна канкуравалі між сабой. Гэта Георгій Маргвелашвілі -- ад партыі  “Грузінская Мара”, Давід Бакрадзэ – ад Аб’яднанага Нацыянальнага Фронту і Ніно Бурджанадзэ-- ад партыі “Дэмакратычны рух -- Аб’яднаная Грузія”.

Мне  давялося наведаць выбарчыя штабы кандыдатаў і сустрэцца з іх кіраўнікамі. У штабах Маргвелашвілі і Бакрадзе паведамілі пра тое, што ўпершыню за ўсю гісторыю незалежнасці Грузіі выбары праходзяць без эксцэсаў і што ёсць жаданне, каб гады непаразуменняў і канфліктаў засталіся ў мінулым, а Грузія неадваротна рухалася ў бок дэмакратыі і законнасці, бо яе шлях -- гэта шлях да інтэграцыі з Эўразвязам.

Давід Саганэлідзэ, кіраўнік штаба кандыдата Маргвелашвілі і старшыня парламенцкай большасці, на пытанне пра выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу паведаміў: чыноўнікі атрымалі неаспрэчны загад з боку прэм’ер-міністра Бідзіны Іванішвілі -- правесці выбары без умяшальніцтва дзяржаўных структур. Наракалі на няроўныя ўмовы выбараў хіба што ў штабе кандыдата-жанчыны. Бо калі Маргвелашвілі і Бакрадзэ, як кандыдаты ад партый, якіх для зручнасці называюць праўладнымі, мелі па законе час на дармовы эфір, дык Бурджанадзэ -- не.

Цікава, што напярэдадні выбараў у Тбілісі адбыўся канцэрт сына прэм’ера Іванішвілі, вядомага і папулярнага рэпера, ў падтрымку Георгія Маргвелашвілі, на якім меў 10-хвілінны выступ і сам кандыдат ад “Грузінскай Мары”. На тым канцэрце прысутнічала некалькі тысячаў маладых людзей, а скаргі на тое, што кандыдат ад “Грузінскай мары” выкарыстоўвае адміністратыўны рэсурс, Цэнтрвыбаркам Грузіі адхіліў на той падставе, што ўсе ўдзельнікі выбарчага працэсу афіцыйна знаходзіліся на адпачынку. Увогуле, перамога Маргвелашвілі на выбарах была прадбачаная, бо яго падтрымлівалі члены парламента, сябры партыі “Грузінская Мара”, дзяржаўныя чыноўнікі разам з прэм’ер-міністрам, як на сустрэчах з выбаршчыкамі, так і ў сродках масавай інфармацыі.

Простыя грамадзяне Грузіі, з якімі мне давялося пагаварыць, скептычна ставіліся і да выбараў, і да кандыдатаў. Большасць адразу заяўляла, што галасаваць ня ходзяць і ня пойдуць; што жыць няпроста, і не дай бог такога суседа, як Расія. Некаторыя ўзгадвалі свой удзел у вайне 2006-га года: “А што рабіць, калі рускія танкі стаяць у 44-х кіламетрах ад Тбілісі? Калі расійскія войскі рухаюцца да грузінскай сталіцы з трох напрамкаў? Калі “добры” сусед, маючы “сантымент” да Грузіі, у суровыя зімнія маразы адключае газ (маўляў, тэрарысты ўзарвалі), і людзі застаюцца без цяпла...”

А мне прыпомніўся Берасцейскі чыгуначны вакзал тых часоў, перапоўнены грузінскімі сем’ямі, якія ўцякалі падалей ад вайны -- у Еўропу. Высветлілася, што за фасадам вонкавай бяспечнасці і дабрабыту жыве боязь за лёс сваіх родных і няўпеўненасць у спакойнай годнай будучыні. Аднак бачна, што жыццёвы ўзровень у Грузіі і на Беларусі прыблізна аднолькавы. Уразіла, што грузінскі шашлык на паўкіло ў рэстаране каштуе столькі ж, колькі кіло бананаў і слоік сока ў краме (10 лары), а адзін літар свойскай “Ркацытэлі” -- 3,5 лары…

Але вернемся да выбараў: у Грузіі яны здаліся мяне сапраўды адкрытымі і празрыстымі. І справа не ў тым, што на іх выбарчых участках стаялі празрыстыя скрыні для бюлетэняў, а таму, што галасуюць там толькі адзін дзень і ў скрыні для галасавання на даму не кідаюць па 500 бюлетэняў. Больш за 15 асоб, няздольных уласна прыйсці на выбарчы участак, у спісах для галасавання па хатах мы не бачылі. У выпадках, калі такі чалавек у вызначаны тэрмін не заявіў пра сваё жаданне прагаласаваць дома ці праз свайго прадстаўніка, ніхто яго больш не турбуе.

Прысутнасць назіральнікаў не перашкаджала працы выбарчых камісій, бо самі камісіі складаюцца на роўных умовах -- па 6 сяброў ад партыяў, што ўдзельнічаюць у выбарах, плюс яшчэ адна асоба. А самае незвычайнае тое, што падчас падліку галасоў ты можаш бачыць усе “галачкі” і “заказюлькі” на бюлетэнях. Сябры камісій нават могуць пацікавіцца думкай назіральніка наконт бюлетэня -- ці сапраўдны ён і ці зразумела, за каго аддадзены голас?

Самі ж выбары ў Грузіі праходзяць за адзін дзень, і ніхто не гоніць выбаршчыкаў галасаваць датэрмінова. Чаму так проста? Каб выбары адбыліся, дастаткова, калі на участак для галасавання прыйшоў прынамсі адзін выбаршчык! На прэс-канферэнцыі, якую дала на наступны дзень пасля галасавання міжнацыянальная місія па назіранні за выбарамі, было абвешчана, што “выбары прэзідэнта Грузіі былі эфектыўна забяспечаныя, адбываліся празрыста, праходзілі ў прыязным і канструктыўным асяроддзі…”  

Паводле афіцыйных дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, перамогу атрымаў Георгій Маргвелашвілі, за якога выбаршчыкі аддалі 62,12% сваіх галасоў. Інаугурацыя новага прэзідэнта Грузіі прызначана на 17 лістапада, а запрашэнні на яе атрымаюць кіраўнікі дзяржаў Еўрапейскага саюза, НАТА, Усходняга партнёрства і краін, якія падтрымліваюць дыпламатычныя адносіны з Грузіяй. Расія не ўваходзіць у гэтыя групы краінаў, бо з 2008-га года не падтрымлівае афіцыйных дыпламатычных адносінаў з Тбілісі. “Мы будзем намагацца аднавіць кантакты”, -- кажа Маргвелашвілі.

 Уладзімір ВЯЛІЧКІН, міжнародны назіральнік, “Брэсцкі кур’ер”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства