Гродна: штраф за запіс на інтэрнэт-форуме пра “Стоп-падатак”
У Гродна суддзя Кастрычніцкага раёну Зінаіда Барцэвіч 30 снежня пакарала штрафам у 22 базавыя велічыні Аляксандра Іванова за за размяшчэнне інфармацыі ў інтэрнэце.
26 снежня Аляксандар Іваноў размясціў інфармацыю на “Гродненском форуме”, у якой напісаў, што 27-га снежня на Савецкай плошчы а 18-й гадзіне збіраюцца аўтамабілісты, неабыякавыя да ўвядзення новага падатку на аўтамашыны. У выніку Іванову патэлефанавалі з міліцыі і паведамілі, што на яго складзены пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне – яго абвінавацілі ў публічным закліку і арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства.
Гарадзенскі аўтамабіліст перакананы, што парушаныя ягоныя канстытуцыйныя правы, паколькі Канстытуцыя гарантуе грамадзянам свабоду выказванняў і меркаванняў, а таксама вольны распаўсюд інфармацыі. Выпадак з жыхаром Гародні паказвае пра татальнае сачэнне міліцыяй і спецслужбамі за інтэрнэт-прасторай.