viasna on patreon

Іна Соркіна: Сцэнар майго звальненьня — абсурдны

2014 2014-01-31T12:44:35+0300 2014-01-31T12:44:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sorkina.jpg
Іна Соркіна, Кандыдат гістарычных навук Гродзенскага ўніверсітэта

Іна Соркіна, Кандыдат гістарычных навук Гродзенскага ўніверсітэта

З Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы звольнены яшчэ адзін гісторык. Чаму паляваньне на навукоўцаў-іншадумцаў з такім адміністрацыйным імпэтам адбываецца менавіта ў ГрДУ? І чаму ў гэтых ганебных акцыях удзельнічаюць калегі апальных выкладчыкаў?

 

— Спадарыня Іна, у Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы Вы адпрацавалі 17 гадоў. 17 гадоў актыўнага з навуковага і грамадзкага гледзішча жыцьця. Вам цяжка пакідаць сьцены ўнівэрсытэту?

— З аднаго боку, разьвітвацца з улюбёнай працай, якая прыносіла задавальненьне, вельмі цяжка... Мне пашчасьціла выкладаць тое, што я ня толькі ведаю, але і люблю (курсы «Гісторыя Беларусі», «Гісторыя культуры Беларусі», «Беларускі нацыянальны рух», «Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры», «Урбанізацыя ў Беларусі», «Мястэчкі Беларусі»). Я выкладала з душой, з агеньчыкам! Гэтай выкладчыцкай, асьветніцкай працы са студэнтамі мне будзе вельмі не хапаць... З другога боку, працэсы апошніх гадоў, якія адбываюцца ва ўнівэрсытэце, рэзка пагаршаюць ягоны імідж. Не магу не згадзіцца са слушным меркаваньнем прафэсара Сьвятланы Куль-Сяльверставай: раней было гонарам працаваць у ГрДУ, цяпер гонар там не працаваць...

— Пасьля прымусовага звальненьня з ГрДУ гісторыкаў Андрэя Чарнякевіча і Вячаслава Швэда ці думалася вам, што наступным звольненым выкладчыкам будзеце вы?

— Так, я не выключала такой магчымасьці. Тым больш, што ад кіраўніцтва факультэту ды ўнівэрсытэту такія пагрозы ў мой адрас наўпрост і апасродкавана выказваліся. Нечакана абсурдным аказаўся рэалізаваны сцэнар майго звальненьня. Асноўны паказчык, які разглядаецца пры правядзеньні конкурсу, — гэта сьпіс навуковых публікацый за апошнія пяць гадоў. Парадокс у тым, што я з абсалютна лепшымі паказчыкамі сярод усіх кандыдатаў, маючы 67 публікацый, «не прайшла па конкурсе», а, напрыклад, мой былы калега з усяго пяцьцю публікацыямі пераабраны адзінагалосна! «Навуковыя» заслугі Ўладзімера Ягорычава прызнаныя настолькі важнымі, што яго абралі двойчы: спачатку на 0,75 стаўкі, а праз два тыдні — яшчэ і на поўную стаўку дацэнта. Абсурднасьць і цынізм так званага «конкурснага адбору» тут відавочныя.

— За што ж кіраўніцтва ўнівэрсытэту так абышлося з вамі?

— Тут можна выказваць толькі свае здагадкі. Я ніколі не займалася палітыкай. Але ў нашых умовах любая прынцыповая пазыцыя становіцца палітычнай. Калі я і патрапіла ў так званы «чорны сьпіс» (ня ведаю, мітычны ён ці рэальны), то не таму, што «заклікала да зьвяржэньня ўлады». Верагодна, я патрапіла ў лік тых, ад каго неабходна пазбавіцца, з-за праяўленай салідарнасьці з выключанымі з праграмы навуковай канфэрэнцыі Алесем Краўцэвічам і Алесем Смаленчуком, з адлічанай з асьпірантуры Тацьцянай Касатай, са звольненым з працы Андрэем Чарнякевічам, а таксама за тое, што прымаю ўдзел у навуковых канфэрэнцыях «Гарадзенскі палімпсэст». Напэўна, кагосьці раздражняла мая шчырая беларускасьць, якую я імкнулася прышчапіць студэнтам. Думаю, што не апошнюю ролю ў справе майго звальненьня адыграла леташняя сытуацыя са зрывам майго стажаваньня і выправы ў Вільню — у межах выкананьня дзяржаўнай навуковай тэмы, пра што я напісала ў справаздачы ў Акадэмію навук.

— Як вы лічыце, чаму пад рэпрэсіі ўладаў падпадаюць найперш гарадзенскія гісторыкі? Ні ў адным беларускім унівэрсытэце такіх гучных звальненьняў не было...

— Мяркую, што пад рэпрэсіі ў той ці іншай ступені падпадаюць гісторыкі (і ня толькі) па ўсёй краіне, аднак у Горадні яны набываюць менавіта паказальны характар. Магчыма таму, што ў нашым горадзе большая канцэнтрацыя вальнадумных, грамадзка-актыўных гісторыкаў. Выяўляюцца тут таксама асабістыя якасьці і намеры тых, хто пры ўладзе і прымае рашэньні.

— Якое ў вас стаўленьне да калегаў, якія прагаласавалі за ваша звальненьне? Фактычна, справа зробленая іхнымі рукамі...

— Мне іх шкада... Сярод тых, хто галасаваў супраць мяне на Радзе факультэту, былі тыя, хто зрабіў гэта з задавальненьнем і пачуцьцём выкананага абавязку. Але большасьць галасавалі з-за кар’ерных амбіцый, альбо толькі таму, што ім так сказалі зрабіць. Гэта іх асабісты маральны выбар. Шкада, што ў гэта ўцягнутыя і студэнты... «Гарадзенскі ўнівэрсытэт у багне крывадушнасьці і цынізму» — так вельмі трапна, яшчэ ў 2008 годзе, назваў свой артыкул гісторык Аляксандар Пашкевіч, разглядаючы адну з публікацый майго былога калегі па катэдры Ўладзімера Ягорычава. З таго часу цынізм узрос у разы. Для мяне вельмі балючым было рашчараваньне ў людзях, зь якімі працавала побач шмат гадоў... Але сытуацыя з маім звальненьнем нечакана прынесла і шмат станоўчых эмоцый. Цёплыя словы падтрымкі і салідарнасьці я не перастаю атрымліваць ужо тры тыдні. Прыемнай нечаканасьцю былі лісты ў маю падтрымку з акадэмічных інстытутаў ды ўнівэрсытэцкіх цэнтраў Расеі, Украіны, Польшчы, Ізраілю. Мне пісалі і тэлефанавалі сваякі (блізкія і далёкія), аднаклясьнікі, аднакурсьнікі, іншыя сябры, навукоўцы-гісторыкі, пісьменьнікі ды шмат-шмат яшчэ хто. Асабліва важныя і кранальныя для мяне добрыя словы маіх студэнтаў — былых і цяперашніх, яны нават вершы пра гэта напісалі.

— Спадарыня Іна, вы — аўтарка бліскучай манаграфіі «Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX стагодзьдзя». Глыбокае і выдатна напісанае дасьледаваньне. Я не ўяўляю падобныя гістарычныя дасьледаваньні па-за ўнівэрсытэцкім курсам. Дзе вы спадзяецеся знайсьці працу?

— Дзякуй вам за высокую ацэнку маёй манаграфіі. Што да плянаў, то іх шмат. Буду працягваць сваю навуковую дзейнасьць — як самастойна, так і ў межах супольных праектаў (у тым ліку з замежнымі партнэрамі). Упэўненая, што буду займацца і пэдагагічнай працай. Больш часу і ўвагі пляную аддаваць сваёй сям’і, дзецям.

— Былы кіраўнік Гарадзенскай вобласьці Сямён Шапіра публічна хваліўся летась, што выкрыў у Гарадзенскім унівэрсытэце «апазыцыйную групоўку» гісторыкаў. І многія лічылі, што праблема менавіта ў ім. Шапіры сёньня ў Горадні няма, а «выкрываньні» працягваюцца. Атрымліваецца, як у той прыказцы: ня будзе Гіршы — будзе чорт іншы... Што павінна адбыцца, каб Гарадзенскі ўнівэрсытэт атрос з сябе тую багну, пра якую вы гаварылі?

— Відавочна, што праблема не ў Шапіры... Мне цяжка адказаць на пытаньне, як можна выправіць сытуацыю. Але, як на маё глыбокае аптымістычнае перакананьне, — загляне сонца і ў наша ваконца!

 

Як калегі-гісторыкі ставяцца да звальненьня Іны Соркінай з ГрДУ?

Алесь Краўцэвіч: Спадарыня Іна Соркіна, гісторык, наша калега і сяброўка, якая працавала на Гарадзенскім гістфаку, заслугоўвае нашай падтрымкі, і мы гэтую падтрымку ёй акажам. І маральную, і, па-магчымасьці, матэрыяльную, яна гэта, несумненна, заслужыла. На гістфаку ў апошнія гады дацэнт Іна Соркіна была адзінай асобай, якая не баялася рабіць справу гісторыка. Гэта выяўлялася ў тым, што яна імкнулася студэнтам прышчапіць веды ня толькі з афіцыйных падручнікаў, яна ладзіла сустрэчы з гісторыкамі зь Менску, зь Беласточчыны, напрыклад, з прафэсарам Алегам Латышонкам, не аглядаючыся на афіцыёз, на ціск ўнівэрсытэцкіх ідэялягічных уладаў. Вялікая навуковая праца, патрыятычная пазыцыя, таленавітая выкладчыцкая праца робяць зь яе чалавека, які, несумненна, павінен працаваць у ВНУ Беларусі. І яна там будзе працаваць, раней ці пазьней.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства