viasna on patreon

Дзярждэпартамэнт ЗША: у Беларусі дыскрымінуюць носьбітаў беларускай мовы

2014 2014-02-28T09:24:05+0300 2014-02-28T09:24:05+0300 be

ДзяржаўныдэпартамэнтЗШАапублікаваўсправаздачуабдатрыманьніправоўчалавекаўсьвеце. Беларусь у дакладзе называецца аўтарытарнай дзяржавай, дзе стала парушаюцца правы чалавека.

 

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША апублікаваў штогадовую справаздачу аб стане правоў чалавека ў сьвеце ў 2013 годзе. Прадставіў даклад журналістам дзяржсакратар ЗША Джон Кэры.

Сярод найбольш значных праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі Дзярждэпартамэнт называе той факт, што і ў 2013 годзе грамадзяне не змаглі зьмяніць уладу ў краіне шляхам выбараў.

У дакладзе сьцьвярджаецца, што ўсе прэзыдэнцкія выбары, якія праводзіліся пасьля 1994 году, у тым ліку выбары прэзыдэнта 2010 году, не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі.

Сярод іншых парушэньняў правоў чалавека называюцца зьняволеньне людзей паводле палітычных матываў, у тым ліку за крытыку чыноўнікаў і ўдзел у дэманстрацыях, злоўжываньні з боку сілаў бясьпекі, якія зьбівалі людзей падчас затрыманьняў дэманстрантаў, катаваньні і жорсткае абыходжаньне ў турмах.

Судовая сыстэма Беларусі, паводле Дзярждэпу ЗША, не зьяўляецца незалежнай і зазнае ўмяшаньне дзяржавы, а многія судовыя працэсы адбываюцца ў закрытым парадку.

Улады па-ранейшаму не паважаюць недатыкальнасьць жытла, абмяжоўваюць грамадзянскія свабоды, уключаючы свабоду слова, друку, сходаў, асацыяцый, рэлігіі і перамяшчэньня.

Улады Беларусі, паводле амэрыканскага Дзярждэпу, перасьледуюць праваабарончыя групы, палітычныя партыі, няўрадавыя арганізацыі (НДА), адмаўляюць ім у рэгістрацыі, а пасьля прыцягваюць да адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Гандаль людзьмі застаецца вялікай праблемай для Беларусі.

У 2013 годзе мелі месца факты дыскрымінацыі геяў, лесьбіянак, бісэксуалаў і транссэксуалаў (ЛГБТ), асобаў з абмежаванымі магчымасьцямі, этнічных меншасьцяў, у прыватнасьці, цыганоў.

Парушаліся ў 2013 годзе і правы прафсаюзаў.

Таксама ў дакладзе сьцьвярджаецца, што ў Беларусі маюць месца факты дыскрымінацыі тых, хто імкнецца выкарыстоўваць ў грамадзкай сфэры беларускую мову.

Па кожнай сфэры парушэньня правоў чалавека ў дакладзе маецца асобны разьдзел.
У спэцыяльным разьдзеле «Акадэмічныя свабоды і пытаньні культуры» дакладу Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША сьцьвярджае, што ўрад Беларусі па-ранейшаму забараняе настаўнікам і дэмакратычным актывістам садзейнічаць больш шырокаму выкарыстаньню беларускай мовы і захаваньню беларускай культуры. Напрыклад, шэраг унівэрсытэтаў па ўсёй краіне па-ранейшаму не набірае новых студэнтаў на аддзяленьні беларускай мовы і літаратуры, спасылаючыся на нізкі попыт і адсутнасьць працы для будучых спэцыялістаў.

Улады таксама абмяжоўвалі культурныя мерапрыемствы, прымушаюць апазыцыйныя тэатральныя і музычныя калектывы выступаць у прыватных кватэрах або зусім забараняюць іх выступы. Улады таксама душаць неафіцыйныя памятныя мерапрыемствы ўшанаваньня гістарычных датаў і падзей.

Акрамя таго, як сьцьвярджаецца ў дакладзе, урад Беларусі абмяжоўвае дзейнасьць неафіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў і шырока падтрымлівае праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі. Улады таксама перасьледавалі распаўсюджвальнікаў кніг, аўтарамі якіх зьяўляюцца крытычныя і незалежныя пісьменьнікі, а таксама кніг на беларускай мове.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства