Валянцін Стэфановіч: Найбольш парушэнняў на студэнцкіх выбарчых участках
Працягваецца датэрміновае галасаванне на выбарах у мясцовыя саветы. Цэнтрвыбаркам заяўляе пра актыўны удзел у датэрміновым галасаванні - за 2 дні прагаласавала ўжо каля 10 працэнтаў выбаршчыкаў.
Аднак назіральнікі выказваюць сумнеў у сапраўднасці гэтых лічбаў. Па словах намесніка старшыні праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянціна Стэфановіча, назіральнікі фіксуюць завышэнне яўкі і прымус да ўдзелу ў галасаванні:
- Назіральнікі рапартуюць пра адну колькасць прагаласаваўшых, а ў пратаколах, якія вывешваюцца выбарчымі камісіямі па заканчэнні кожнага датэрміновага дня галасавання, лічбы значна большыя. Як правіла, гэта студэнцкія выбарчыя ўчасткі, дзе галасуюць студэнты. З часам гэтая розніцца вельмі істотная. І паступае інфармацыя пра тое, што скардзяцца выбаршчыкі пра прымус да галасавання.
Па словах Валянціна Стэфановіча, гэта характэрна для выбарчых акругаў, дзе шмат інтэрнатаў - студэнцкіх ці ведамасных, пастаяльцы якіх моцна залежаць ад адміністрацыі. Вялікія разыходжанні афіцыйных лічбаў прагаласаваўшых з дадзенымі назіральнікаў зафіксаваны ў Гомелі, Мазыры, Віцебску і іншых гарадах.
Напрыклад, у Віцебску назіральнік Павел Левінаў зафіксаваў укід бюлетэняў у празрыстую скрыню і зрабіў фатаздымкі, на якіх добра бачны акуратны стос выбарчых бюлетэняў. Па гэтым факце ў пракуратуру пададзена заява, - адзначыў Валянцін Стэфановіч.