Хоцімск: намесніца старшыні райвыканкама аказвае ціск на сябраў камісій
Кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і адначасова кандыдат у дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13 Валерый Каранкевіч паведамляе пра ціск на сяброў выбарчых камісій з боку намесніцы старшыні Хоцімскага райвыканкам Жаны Казаковай.
“ Вечарам 22 сакавіка перад закрыццём выбарчых участкаў у гарадскім пасёлку Хоцімск іх наведала намеснік старшыні райвыканкама Казакова Жана Васільеўна, - распавядае Валерый Каранкевіч. – Проста на выбарчых участках, у прысутнасці назіральнікаў, Жана Казакова аказвала ціск на членаў выбарчых камісій, казала, што тыя не праводзяць патрэбную ідэалагічную працу па забеспячэнні масавасці і вынікаў галасавання. Прычым рабіла гэта Жана Васільеўна ў вельмі некарэктнай форме”.
Валерый Каранкевіч адзначае, што хоцімскія актывісты “Гавары праўду” і Партыі БНФ ад самога пачатку паспрабавалі арганізаваць пастаяннае назіранне за ходам датэрміновага галасавання на двух выбарчых участках у Хоцімску – Ленінскім №1 і Інтэрнацыянальным №3.
“На нашых назіральнікаў адразу ж пачалі ціснуць, адзін з іх вымушаны быў зняцца сам, другога зняла камісія за парушэнне Выбарчара кодэкса пры рэгістрацыі ў якасці назіральніка. Аднак мы ўсё роўна праводзім назіранне за ходам выбараў на гэтых участках”, - кажа Валерый Каранкевіч.
Дарэчы, сама намеснік старшыні Хоцімскага райвыканкама Жана Казакова зарэгістравана ў якасці кандыдата ў дэпутаты Хоцімскага райсавета па Тросцінскай выбарчай акрузе №22. Атрымліваецца сітуацыя, што кандыдат у дэпутаты дае кіруючыя ўказанні членам выбарчых камісій…
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”