viasna on patreon

Георгію Станкевічу пагражае штраф за распаўсюд "самвыдатаўскай" газеты

2014 2014-03-29T21:04:26+0300 2014-03-29T21:04:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stankevich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Настаўнік з Бешанковічаў Георгій Станкевіч ужо некалькі гадоў выдае газету "Крывінка" за ўласныя сродкі. Выдаецца яна нерэгулярна – у залежнасці ад матэрыяльных магчымасцяў заснавальніка і рэдактара. А вось прэтэнзіі да яго ўзнікаюць пераядычна – і найчасцей гэта звязана з выбарчымі кампаніямі.

Георгій Станкевіч распавёў, што 27 сакавіка на яго склалі пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП, - за парушэнне заканадаўства аб СМІ:

"У школу прыйшў старэйшы аперупаўнаважаны Дзмітрый Карась, сказаў, што супраць мяне ёсць паказанні двух сведкаў: два прадпрымальнікі з Калгаснага рынку засведчылі, што я раздаваў там сваю газету. Я гэтага і не хаваю: газету выдаю. Але гэта – не перыядычнае выданне, наклад 290 асобнікаў, таму рэгістраваць яе не трэба. А мяне вінавацяць якраз у тым, што я распаўсюджваю незарэгістраваны сродак масавай інфармацыі, а таксама парушаю нормы выдавецкай дзейнасці, указваю непраўдзівыя дадзеныя пра рэдакцыю і гэтак далей. Дарэчы, кожны нумар "Крывінкі" я дасылаў у Мінск у бібліятэкі і ў Міністэрства інфармацыі, але адтуль ніколі не было аніякіх прэтэнзій".

Прэтэнзіі да Георгія Станкевіча, як ён сам заўважыў, пачынаюцца падчас нейкіх значных грамадскіх падзеяў. Так, першую адміністрацыйную справу супраць яго і "Крывінкі" распачалі ў 2010 годзе. Тады якраз ішла выбарчая кампанія, і спадар Станкевіч балатаваўся ў дэпутаты райсавету. Скончылася справа судом і штрафам памерам 20 базавых велічынь.

Наступны штраф у 2012 г. быў ужо ў два разы большы – 40 базавых велічынь. Сёлета Г. Станкевіч таксама браў удзел у выбарчай кампаніі, балатаваўся ў раённы і абласны саветы. Паказанні сведак былі ўзяты якраз напярэдадні асноўнага дня галасавання.

Паводле афіцыйных вынікаў, актывіст Руху "За свабоду" Георгій Станкевіч прайграў выбары сваім праўладным супернікам. Цяпер яго чакае суд за "Крывінку", ужо трэці – паводле новай адміністрацыйнай справы, дзе абвінавачанні падобныя да двух папярэдніх.

"Як напісана ў афіцыйным паведмленні з міліцыі, мяне будуць судзіць за парушэнне пунктаў 4,5,26 артыкулаў 1, 29, 30, 31 закона "Аб сродках масавай інфармацыі". Але сутнасць справы, як я разумею, у іншым: улады бачаць небяспеку ад "Крывінкі" ў тым, што яна падае аб'ектыўную, а часам і крытычную інфармацыю пра наша жыццё. Я лічу, што мае чытачы маюць права мець такую інфармацыю!" – гаворыць Георгій Станкевіч.

Дарэчы, паведамленне з міліцыі пра тое, што ягоную справу перадаюць у суд, ён атрымаў. Але адказу на свой зварот адносна вядзення гэтай справы – не.

"Мяне абурыла тое, што супрацоўнік міліцыі Дзмітрый Карась неадэкватна паставіўся да маёй прапановы напісаць пратакол на беларускай мове. Я патлумачыў, што рускай мовай валодаю горш, і што маю права на тое, каб дакумент быў перакладзены. Супрацоўніку міліцыі гэта дужа не спадабалася, ён крычаў у настаўніцкай, што я адмаўляюся падпісваць пратакол, і што ён гэта засведчыць іншым пратаколам… Ён нават склаў такую паперу, але калегі паставіліся адэкватна: напісалі, што я не адмаўляўся ставіць подпіс, а прапанаваў міліцыянту азнаёміць мяне з дакументам на беларускай мове,"—патлумачыў Георгій Станкевіч.

Ён чакае позвы ў суд. Ужо вядома, што сведкі па ягонай справе запрошаны на працэс 2 красавіка да 14.30.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства