Камісія праверыла ўмовы ўтрымання Васьковіча ў турме
Рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка атрымаў адказ на свой зварот у абласную грамадскую назіральную камісію пры Галоўным упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама. Зварот тычыўся ўмоў утрымання ў магілёўскай турме Яўгена Васьковіча.
З ліста, атрыманага Анатолем Санаценкам, вынікае, што 21сакавіка старшыня Грамадскай назіральнай камісіі Віктар Сідарэнка і яшчэ адзін яе прадстаўнік наведалі магілёўскую турму № 4. У іх адбыліся сустрэчы і гутаркі з начальнікам турмы, начальнікам аддзела папраўчага працэсу і яго намеснікам, з турэмным лекарам і з работнікам мясцовай бібліятэкі, а таксама з самім журналістам і палітвязнем Яўгенам Васьковічам.
Камісія старанна даследавала ўмовы ўтрымання Васьковіча і ўмовы ўтрымання зняволеных у штрафным ізалятары (ШІЗА).
Высветлілася, што палітвязень змяшчаецца ў камеры на 10 месцаў агульнай плошчай 33,89 кв. м., ён забяспечаны трохразовым харчаваннем, штотыднёвай санітарнай апрацоўкай і зменай пасцельнай бялізны. Па медыцынскую дапамогу за тры гады знаходжання ў турме звяртаўся адзін раз, у снежні 2013 г. За студзень-сакавік 2014 г. прачытаў 18 кніг, узятых з турэмнай бібліятэкі. У апошнія тры месяцы ў ШІЗА яго ня змяшчалі.
Між тым, праверка ўмоў утрымання ў штрафным ізалятары выявіла парушэнне Мінімальных стандартных правіл, прынятых на першым кангрэсе ААН у 1955 г.
Ізалятар знаходзіцца ў падвальным памяшканні, ён не абсталяваны вокнамі з дзённым святлом.
Звяртае на сябе ўвагу наступны факт з характарыстыкі на Васьковіча, выдадзенай старшыні Грамадскай камісіі кіраўніцтвам папраўчай установы: з кастрычніка 2011 г. па снежань 2013 г. Васьковіча 43 раза каралі ў дысцыплінарным парадку, у тым ліку 27 разоў змяшчалі ў ШІЗА за 27 месяцаў знаходжання ў турме.
На думку Анатоля Санаценкі, гэты факт пацвярджае падазрэнні, што Васьковіча ў турме пераследуюць, падвяргаюць яго штомесячным рэпрэсіям.
Старшыня Грамадскай камісіі звярнуў таксама ўвагу на наступнае разыходжанне: падчас гутарак з супрацоўнікамі папраўчай установы на паводзіны Васьковіча ніхто не скардзіўся, а характарыстыку яму выдалі такую, што хоць з турмы выганяй. Кіраўніцтвам папраўчай установы ён характарызуецца адмоўна; 11 ліпеня 2012 г. пастаўлены на прафілактычны ўлік як схільны да хуліганскіх праяў, да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю…
Нагадаем, гэта ўжо не першы зварот Анатоля Санаценкі ў Грамадскую назіральную камісію. У жніўні 2012 г. па заяве кіраўніка «БК» старшыня камісіі ўжо наведваў магілёўскую турму, каб даследаваць выканнане правоў палітвязня на перапіску і атрыманне прэсы. Пасля гэтага сітуацыя з ліставаннем палепшылася на пэўны перыяд.
Яўген Васьковіч быў асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі за сімвалічную акцыю каля сцен бабруйскага КДБ. Шкода ад яго дзеянняў склала 253 тысячы беларускіх рублёў. Але яго асудзілі па артыкуле за нанясенне шкоды ў асабліва буйным памеры.
У кастрычніку 2011 г. рэжым утрымання Яўгену Васьковічу зрабілі больш жорсткім і перавялі ў магілёўскую турму № 4.
Вядома таксама, што Васьковічу неаднаразова прапаноўвалі падпісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся гэта зрабіць.