viasna on patreon

22 верасьня так і не распачаўся судовы разгляд справы па ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня “Фонд імя братоў Луцкевічаў”. Упраўленьне грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі прад’явіла аб’яднаньню новыя прэтэнзіі.

2003 2003-09-24T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У першым пазове асноўнай прэтэнзіяй да арганізацыі называлася неадпаведнасьць юрыдычнага адрасу фактычнаму месцазназнаходжаньню, парушэньне Статуту (у ім двойчы выкарыстаная назва “Фонд братоў Луцкевічаў” без вызначэньня “грамадзкае аб’яднаньне” перад тым) і Дэкрэту прэзыдэнта ад 26 студзеня 1999 года №2 “Аб некаторых мерах па ўпарадкаваньні дзейнасьці палітычных партыяў, прафэсійных зьвязаў і іншых грамадзкіх аб'яднаньняў”.

У некаторых месцах пазову былі зьмешчаныя словы “і іншыя парушэньні”. Менавіта з-за іх разгляд справы не пачаўся. На папярэдняй сустрэчы з судзьдзём старшыня ГА “Фонд імя братоў Луцкевічаў” Анатоль Гурыновіч папрасіў растлумачыць, якія “іншыя парушэньні” дапусьціла аб’яднаньне. На мінулым тыдні падчас размовы са спэцыыялістам Упраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі Аляксандрам Харытонам той адказаў, што “іншых парушэньняў” няма. Але ўчора ў Вярхоўным судзе сп.Гурыновіч дазнаўся, што у пятніцу да судзьдзі Бабкова паступіў дадатак да пазову, які 22 верасьня перадалі для азнаямленьня старшыні ліквідуемага аб’яднаньня.

У дадатку тлумачыцца, якія “іншыя парушэньні” змагло знайсьці Міністэрства юстыцыі. Чыноўнікі прызналі нелегітымнай канфэрэнцыю 1999 году аб перарэгістрацыі, а яе рашэньні – юрыдычна нікчэмнымі. Такім чынам, у 1999 годзе арганізацыя была фактычна незаконна перарэгістраваная мінюстам. Дадаткова ў віну аб’яднаньню паставілі ажыцьцяўленьне дзейнасьці па экалягічным кірунку, існаваньне дыскусійнага клюбу пры Баранавіцкай філіі аб’яднаньня, што нібыта супярэчыць Статуту. І апошняя прэтэнзія – неадпаведнасьць пячаткі аб’яднаньня Інструкцыі аб парадку адкрыцьця і функцыянаваньня штэмпельна-граверных прадпрыемстваў (участкаў), вырабу, уліку, захоўваньня і зьнішчэньня пячатак і штампаў.

Для азнаямленьня з пазовам і збору аргумэнтаў, што пацьвярджаюць неадпаведнасьць выкладзеных мінюстам фактаў, Анатоль Гурыновіч папрасіў прызначыць дату наступнага паседжаньня на 14 кастрычніка.

На думку сп.Гурыновіча, нягледзячы на адтэрміноўку, чакаць, што рашэньне суда можа быць прынятае на карысьць грамадзкага аб’яднаньня, ня варта. Старшыня “Фонду імя братоў Луцкевічаў” перакананы, што яго арганізацыя будзе насутпнай ахвярай “зачысткі” няўрадавага сэктару.
Прэс-служба Асамблеі НДА.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства