25 верасьня з 8.30 да 9.00 ў Мінску каля Міністэрства юстыцыі ў межах кампаніі “Наша Салідарнасьць” адбылася акцыя пратэсту супраць закрыцьця грамадскіх арганізацыяў у Беларусі.
У акцыі ўзялі удзел каля 50 сябраў недзяржаўных арганізацыяў, якія былі ліквідаваныя, альбо знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Мэта акцыі – выказаць нязгоду з дзеяньнямі мін’юста, які ў справах аб закрыцьці грамадскіх арганізацыяў выступае выконаўца палітычнай замовы дзеючай улады.
Людзі ў белых накідках з назвамі ліквідаваных арганізацыяў утварылі “жывы калідор” ля ўваходу ў Міністэрства юстыцыі і на працягу 30 хвілінаў моўчкі сустракалі супрацоўнікаў міністэрства, якія ішлі на працу. Першым праз жывы калідор прайшоў міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, які пацікавіўся ў старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага “што тут з пікет?”, а ў ахоўніка “ці выклікалі міліцыю?” Пасьля прайшоў начальнік Упраўленьня грамадскіх арганізацыяў Міхаіл Сухінін, які спытаў “Што вы тут стаіце?” Алесь Бяляцкі адказаў: “Прыйшлі вам у вочы паглядзець!” Супрацоўнікі мін’юста адчувалі сябе няўтульна ў “жывым калідоры”, абыходзілі яго па газонах На месца правядзеньня акцыі прыбылі супрацоўнікі міліцыі, але затрыманьняў не было.
У акцыі ўзялі ўдзел сябры наступных арганізацыяў “Вежа” (Брэст), “Ратуша” (Гродна), “Грамадзянскія ініцыятывы” (Гомель), “Адукацыйны цэнтар “Пост”, “Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў” (Мінск), “Праваабарончы цэнтар “Вясна”, “Задзіночаньне беларускіх студэнтаў”, “Прававая дапамога насельніцтву”, “Жаночы адказ”.
Нагадаем, што кампанія “Наша Салідарнасьць” была распачатая з ініцыятывы арганізацыяў-сябраў Асамблеі НДА Беларусі ў траўні бягучага году.