viasna on patreon

Міхась Кукабака пра забітага ва Украіне праваабаронцу: Зброяй Андрэя Міронава была праўдзівая інфармацыя, што выкрывала дзяржаўную хлусню

2014 2014-05-30T12:44:30+0300 2014-05-30T12:44:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mironov_andrej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Расійскі праваабаронца і перакладчык Андрэй Міронаў

Расійскі праваабаронца і перакладчык Андрэй Міронаў

30 траўня ў Маскве праходзіць развітанне з сябрамПраваабарончага цэнтра "Мемарыял", савецкім палітвязнем Андрэем Міронавым, які быў забіты пад Славянскам ва Украіне.

На цырымонію развітання з праваабаронцам сёння ідзе беларускі дысідэнт Міхась Кукабака, які быў знаёмы з Андрэем Міронавым з 1989 года.

"Загінуў на баявым пасту", - так Міхась Ігнатавіч напісаў Праваабарончаму цэнтру "Вясна" пра трагічную гібель свайго добрага знаёмага, з якім сядзеў адначасова, але ў розных лагерах. "Прыстойны, сумленны чалавек. Праўдзівы дэмакрат, неабыякавы да ўсялякага гвалту. Яго зброяй была праўдзівая інфармацыя, што выкрывала дзяржаўную хлусню, - характарызуе ён Андрэя Міронава. - Ён шмат рызыкаваў падчас сваіх камандзіровак у перыяд руска-чачэнскіх войнаў, але лёс да часу літаваў яго. Цяперашняя паездка ва Украіну была апошняй. Смерць была імгненная, выпадковая і па-свойму недарэчная. На вайне - як на вайне. Шчырыя спачуванні яго блізкім".

Паведамленне пра трагічную гібель 60-гадовага Андрэя Міронава з'явілася раніцай 25 траўня. Расійскі праваабаронца і перакладчык быў забіты разам з італьянскім журналістам Андрэа Ракелі ў сяле Андрэеўка пад Славянскам у выніку мінамётнага абстрэлу. Гэта першы выпадак гібелі журналістаў на вайне ў Данбасе.

Па словах калегаў, Андрэй Міронаў часта суправаджаў журналістаў, палітыкаў, прадстаўнікоў міжнародных праваабарончых арганізацый у якасці перакладчыка. Але ніколі і нідзе праваабаронца і былы палітвязень не быў проста перакладчыкам. У 1985 г. ён быў арыштаваны за распаўсюд самвыдату, у 1986 г. асуджаны Вярхоўным судом Удмуртыі за "антысавецкую агітацыю і прапаганду" (арт. 70 КК РСФСР) на чатыры гады лагераў і тры гады ссылкі, але ў лютым 1987 г., з пачаткам абвешчанай Гарбачовым перабудовы, разам з іншымі палітвязнямі выйшаў на волю. Уступіў у таварыства "Мемарыял" у пачатку яго заснавання ў 1988 г., а потым браў удзел у заснаванні Праваабарончага цэнтра " Мемарыял".

Прайшоў многія гарачыя кропкі - сам або з групай калегаў. З 1994 г. шмат разоў падоўгу знаходзіўся ў Чачні ў гушчы гарачых падзеяў. Веданне моваў і сітуацыі ў краіне зрабіла яго чалавекам, да экспертнай думкі якога прыслухоўваліся ў міжнародных структурах. У 2008 г. у Парыжы Андрэй Міронаў з Аляксеем Макаравым былі ўзнагароджаныя "Прэміяй П'ера Сімона "Этыка і грамадства", якая штогод прысуджаецца пад патранажам Міністэрства аховы здароўя Францыі асобным людзям і працам, якія з'яўляюцца часткай агульнай працы і разважанняў пра этыку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства