У Мінюсце – дакументы на рэгістрацыю новай праваабарончай арганізацыі "Пакт"
У Міністэрства юстыцыі Беларусі 27 чэрвеня пададзены пакет дакументаў для рэгістрацыі Рэспубліканскага праваабарончага аб'яднання «ПАКТ» (Рух за рэалізацыю Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах). Рашэннем устаноўчага сходу яго старшынёй абраны доктар юрыдычных навук прафесар Міхаіл Пастухоў, намесніка - Віктар Карняенка, выканаўчым дырэктарам - праваабаронца Леанід Судаленка.
Ствараемая праваабарончая арганізацыя і яе дзейнасць павінны будуць спрыяць выкананню Рэспублікай Беларусь сваіх міжнародных абавязацельстваў у пытаннях правоў чалавека. Стварэнне такой арганізацыі наспела даўно. Бо Беларусь з'яўляецца адным з лідэраў па звароце грамадзян у ААН аб парушэнні правоў чалавека. На сёння Камітэтам ААН па правах чалавека вынесена амаот 60 рашэнняў па Беларусі, у якіх усталяваны тыя ці іншыя парушэнні грамадзянскіх і палітычных правоў грамадзян Беларусі, аднак ні адно з гэтых рашэнняў так і не выканана кіраўніцтвам нашай краіны.
Па словах Леаніда Судаленкі, «усе пададзеныя дакументы старанна правераныя юрыстамі і экспертамі, сярод якіх былі і Міхаіл Пастухоў, і Юрый Чавусаў, таму падставаў для адмовы ў рэгістрацыі тэарэтычна не мусіць быць. Аднак цікава будзе паглядзець, што калі Мінюст усёткі нам адмовіць, то на якой падставе, хіба што чарнілы ў подпісах будуць не зусім фіялетавыя.
Сама працэдура падачы ўсяго пакета дакументаў, разам з квітанцыямі аб аплаце дзяржаўнага мыта, заняла ў канцэлярыі Мінюста не больш за 5 хвілін. Адказ жа заснавальнікі мусяць атрымаць цягам месяца.