Ігар Пастноў спрабуе выканаць усе патрабаванні да арганізацыі пікету
Ён хоча 30 жніўня або ў бліжэйшы пасля гэтай даты выходны дзень правесці пікет з нагоды 60-годдзя Аляксандра Лукашэнкі – выйсці з плакатам "Спасибо Батьке за нашу счастливую жизнь!" Рыхтавацца да акцыі віцебскі "ўрач-праўдаруб" пачаў загадзя - каб выканаць усе патрабаванні гарвыканкаму.
Ігар Пастноў падаў заяўку на акцыю ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну. І неўзабаве атрымаў адказ, што яму трэба заключыць дамову на абслугоўванне пікета з УКПП "Віцебская жыллёва-камунальная гаспадарка". Гэта стандартнае патрабаванне, сфармуляванае ў рашэнні Віцебскага гарвыканкама №881 "Аб правядзенні масавых акцый у г.Віцебску". Але – толькі адно з трох патрабаванняў, да таго ж выкладзенае са скажэннем рэчаіснасці: УКПП ЖКГ не займаецца прыборкай гарадской тэрыторыі – ні пасля пікетаў, ні ў іншы час. Гэта сфера дзейнасці прадпрыемства "Зеленгас". З якім, урэшце рэшт, Ігар Пастноў і заключыў дамову, паведамляе сайт freeregion.info . Але ці не з'явяцца цяпер фармальныя пытанні ў чыноўнікаў: чаму не з той, арганізацыяй, што пазначана ў рашэнні гарвыканкаму?
Звароты ў іншыя дзве структуры, пазначаныя ў рашэнні Віцебскага гарвыканкама №881, ніякага плёну не далі. З віцебскай гарадской паліклінікі- туды чыноўнікі патрабуюць звяртацца па дамовы на медычнае абслугоўванне акцый- Ігару Пастнову напісалі, што ўстанова "не займаецца арганізацыяй масавых мерапрыемстваў", і што звяртацца арганізатарам трэба ў мясцовую раённую адміністрацыю. Карацей, туды, дзе і патрабуюць азначаных вышэй дамоваў… А з міліцыі – трэцяй структуры, з якой патрабуецца заключыць дамову на ахову акцыі, адказалі, што ахову правапарадку супрацоўнікі абавязана ажыццяўляць і без усялякіх дамоваў, бо гэта прафесійны абавязак міліцыянта…
Ігар Пастноў падкрэслівае, што гатовы выканаць усе ўмовы чыноўнікаў і выйсці на пікет. Апрача надпісу "Спасибо Батьке за нашу счастливую жизнь!" ён хоча размясціць на плакаце фотаздымак свайго разлікловага квітка з сумай заробку, а таксама фотаздымкі палат у віцебскіх шпіталях.
Аднак дазвол на акцыю застаецца пад пытаннем, бо патрабаванні рашэння гарвыканкаму №881 "Аб правядзенні масавых акцый у г.Віцебску" выканаць практычна не магчыма, і гэта на працягу апошніх 4 гадоў было падставай для адмоваў усім ініцыятарам акцый, калі яны арганізоўваліся не прадзяржаўнымі структурамі.