viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: Суд мусіў узбудзіць справу і дакладна адказаць - былі парушаныя мае правы ці не

2014 2014-07-31T10:00:18+0300 2014-07-31T13:33:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich-007.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Старшыня Менскага гарадскога суда П. Каршуновіч не бачыць падставы для прынясення пратэсту і задавальненне скаргі намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, які лічыць, што Генпракуратура сваім рашэннем аб уключэнні інтэрнэт-рэсурса spring96.org у спіс абмежаванага доступу, парушыла ягоныя правы як аўтара і чытача сайта на свабодны распаўсюд і атрыманне інфармацыі, а таксама на свабоднае выказванне свайго меркавання.

Такі адказ утрымліваецца ў лісце, які праваабаронца атрымаў 30 ліпеня, прычым на добрай беларускай мове.

Яшчэ 18 лютага 2014 года суд Цэнтральнага раёну Менска разгледзеў скаргу Стэфановіча на рашэнне Генпракуратуры ўнесці сайт spring96.org у спіс абмежаванага доступу для інтэрнэт-карыстальнікаў. Тады суддзя Алена Сямак вынесла вызначэнне, згодна з якім Стэфановіч Валянцін прызнаны неналежным заяўніком, паколькі не з'яўляецца ўласнікам сайта spring96.org, ягоныя асабістыя правы праз унясенне сайта ў спіс забароненых не парушаныя. Акрамя таго, суд пастанавіў спыніць вытворчасць па грамадзянскай справе. Стэфановіч не мае права абскардзіць вызначэнне ў касацыйным і наглядным парадку, але можа падаць прыватную скаргу на працягу 10 дзён.

Скарыстаўшыся гэтай магчымасцю, Валянцін Стэфановіч накіраваў прыватную скаргу ў Калегію па грамадзянскіх справах Мінскага  гарадскога суда на вызначэнне суда Цэнтральнага раёна аб спыненні вытворчасці па справе ўнясення у “чорныя спісы” сайта spring96.org. Пасля доўгай валакіты судовая калегія 28 красавіка таксама адмовіла ў задавальненні прыватнай скаргі праваабаронцы, а вызначэнне суду Цэнтральнага раёна Менска пакінула ў сіле, адзначыўшы, што выснова суду аб непадведамаснасці скаргі правільная.

Па-сутнасці, і адказ старшыні Менгарсуда П. Каршунова, слова ў слова паўтарае ранейшыя вызначэнні: “Паколькі вы не з’яўляецеся ўладальнікам названага інтэрнэт-рэсурсу, суд прыйшоў да правільнай высновы ад адсутнасці ў Вас правоў на абскарджанне пастановы Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і абаснавана спыніў вытворчасць па справе ў сувязі з яе непадведамаснасці суду".

Валянцін Стэфановіч абураецца такой аднабаковай пазіцыяй судовых органаў:

“Я падаваў скаргу ў прадугледжаным грамадзянска-працэсуальным кодэксам парадку,паколькі такія справы вынікаюць з адміністратыўна-прававых адносінаў. Скарга была пададзеная на незаконныя дзеянні дзяржаўнага органа, з-за якіх былі парушаныя мае правы. Я лічу, што мае правы як аднаго з аўтараў гэтага сайта, праз магчымасці якого распаўсюджваюцца меркаванні наконт грамадска-палітычнага жыцця краіны і розных яго аспектаў, былі парушаныя. А менавіта – абмежаванае права на свабоду выказвання меркавання і права на распаўсюд інфармацыі, якія гарантуюцца мне Канстытуцыяй і міжнароднымі актамі ў галіне правоў чалавека. У канкрэтным выпадку суд мусіў узбудзіць справу і дакладна адказаць: былі парушаныя мае правы ці не былі. Таксама катэгарычна не згодны з аргументам, што я не з’яўляюся ўладальнікам сайта і таму не маю права абскарджваць, паколькі сумесная пастанова ІАЦ (Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь не ўстанаўлівае кола асобаў, якія маюць права абскарджваць падобныя рашэнні дзяржаўных органаў. Там усяго толькі пазначана, што яны могуць быць абскарджаны ў судовым парадку. Суб’екты жякія могуць звяртацца ў суд, не канкрэтызаваныя”.

Валянцін Стэфановіч мае намер звярнуцца з нагляднай скаргай у Вярхоўны суд Беларусі, а пры адмоўным рашэнні – у міжнародныя інстанцыі.

Нагадаем, што пазіцыя Генпракуратуры была заснаваная на тым, што на сайце spring96.org была размешчаная інфармацыя аб дзейнасці арганізацыі - ПЦ "Вясна", якая не прайшла дзяржаўную рэгістрацыю ва ўстаноўленым законам парадку, а значыць, размяшчэнне такой інфармацыі таксама з'яўляецца парушэннем закона. Елісееў адзначыў, што скаргаў ад грамадзян на інфармацыю, размешчаную на spring96.org, не паступала, а пракуратура самастойна прыняла рашэнне аб унясенні сайта ў спіс забароненых у парадку нагляду па ўказу прэзідэнта №60. Прадстаўнік Генпракуратуры падкрэсліў, што інфармацыя на сайце ПЦ "Вясна" прапагандуе супрацьпраўныя дзеянні, падрывае асновы дзяржаўнасці, таму забарона для дзяржаўных арганізацый на карыстанне дадзеных электронным рэсурсам праваахоўнікі лічаць абгрунтаваным.

Валянцін Стэфановіч мае намер звярнуцца з нагляднай скаргай у Вярхоўны суд Беларусі, а пры адмоўным рашэнні – у міжнародныя інстанцыі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства