Міліцыя кантралюе журналістаў, якія працуюць на судзе над Андрэем Бандарэнкам
У другі дзень працэсу, 31 ліпеня, прадстаўнікоў СМІ, якія ўваходзяць у будынак Дома правасуддзя, дзе ў судзе Кастрычніцкага раёна праходзяць судовыя слуханні па справе абвінавачванага ў хуліганстве праваабаронцы, сустракаюць супрацоўнікі органаў унутраных спраў.
Не пытаючыся, якое выданне яны прадстаўляюць, міліцыянеры цікавяцца прозвішчам, імем, імем па бацьку, месцам жыхарства прадстаўнікоў СМІ і запісваюць гэтыя звесткі. На пытанне карэспандэнта БелаПАН да чалавека ў цывільным, які запісваў звесткі, навошта гэта патрэбна, той нічога не адказаў і дазволіў прайсці.
Варта зазначыць, што, перад тым як запісаць звесткі, ён перагарнуў чыстым бокам уверх іншы аркуш паперы, што ляжаў побач, на якім былі адсканаваныя фатаграфіі журналістаў з нейкай інфармацыяй.