viasna on patreon

Харкаўскі дзёньнік Насты Лойка. Частка V

2014 2014-08-29T14:12:40+0300 2014-08-29T15:08:27+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/harkau-mir.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Харкаў: дзяўчынка - за МІР. Фота Насты Лойка

Харкаў: дзяўчынка - за МІР. Фота Насты Лойка

Маладая беларуская праваабаронца ў Харкаве валантэрыла ў пункце дапамогі вымушаным перасяленцам. Наста Лойка занатавала ўражаньні ад гэтай працы ды некаторыя назіраньні за жыцьцём гораду, што знаходзіцца ў дзьвюх гадзінах язды ад самых гарачых кропак у зоне АТА.

 

Частка І

Частка ІІ

Частка ІІІ

Частка ІV

 

Частка V

Харкаў-Менск,
17-21 жніўня 2014

Апошнія дні былі насычаныя: хадзіла на сустрэчы з валантэрамі, сустракалася са знаёмымі й незнаёмымі маладымі людзьмі, хто зараз зьбірае інфармацыю па гуманітарных асьпектах для міжнародных арганізацый, патрапіла на семінар па асаблівасьцях ромаў (гістарычна-культурных, прававых)… Прыехала калега з Расеі. Шмат думак-уражаньняў-адчуваньняў.

Інфармацыя пра набліжэньне гуманітарнага канвою спачатку вельмі непакоіла (пералічваеш кіляметраж да зоны баявых дзеяньняў, прыкідваеш, колькі спатрэбілася б часу, каб даехаць да Харкава пры кепcкім выніку…), а потым стала зразумела, што гэта ўсё толькі кропкі на вялікай праблемнай мапе. У Харкаве таксама ёсьць праявы прысутнасьці сэпарацісцкіх настрояў: то мэтро замініруюць, то заб’юць каго… Ня ўсіх спаймалі, а графіці “ХНР” яшчэ пахнуць фарбай…

Патрапіла на асноўны пункт “Станцыі “Харкаў” – чыгуначны вакзал: стэнд з інфармацыяй, увесь у паперках - дробныя абвесткі, расклад транспарту, салідарныя заклікі...

 

Тумба з надпісамі “валантэры” і “Харкаў – гэта Ўкраіна”. А за даўгім сталом кансультуюць валантэры й супрауоўнік МНС. Побач недзе тры жаўнерыкі, адзін ранены, - спазьніліся на цягнік.

Мы прыйшлі туды ўвечары, калі афіцыйны час працы валантэрскага пункту скончаны. Але ўсё адно там валантэры ўжо ёсьць і па начах, як і дзяжурны з МНС (доўга не магла зразумець, чаму менавіта Міністэрства надзвычайных сытуацый адказнае за гэта, але потым патлумачылі: толькі ў іх ёсьць спэцыяльная падрыхтоўка, у тым ліку псыхалягічная…). Сярод валантэраў - і пенсіянеркі, і студэнты, і зааабаронцы, і актывісты Эўрамайдану… Але на ўсіх агульны прынцып: дапамагаць УСІМ, ЛЮБЫМ ЛЮДЗЯМ, ЗЬ ЛЮБЫМІ ПАЗЫЦЫЯМІ, бо бяда - агульная.

На гэтых некалькіх квадратных мэтрах людзі задаюць свае пытаньні, плачуць, атрымліваюць ежу, запісваюцца ў чаргу па квіткі. Для маладых мамак тут выбіваюць месцы ў прывакзальным гатэлі “Экспрэс” (які пры мне разругаўся з усімі й адмовіў у прадстаўленьні жытла надалей), запісваюцца па лекі і г.д.

Пры нас прывялі хлапца зусім заходняй зьнешнасьці – сам з ангельскім пашпартам, не размаўляе па-расейску, нейкім цудам выехаў з Данецку й чацьвёрты дзень жыў на вакзале… Хуткія званкі ў дыпляматычныя прадстаўніцтвы. Занесла ж яго…

У апошні дзень прыехаў журналіст з Масквы з маленькай дачкой, яна мне паказвала свае марскія ракушкі, выкладалі зь ёй імі надпісы на падлозе, не стрымалася ад слова “МИР” – тое, чаго там хочацца больш за ўсё.

А ў цягніку Сімфэропль-Менск разумееш, якая каша ў галовах людзей, спрабуеш нічога ня чуць, і самазагад - “маўчы”. На словы “гістарычная справядлівасьць” сьціскаецца сэрца й хочацца скуліць: няўжо-няўжо-няўжо не зразумела, што гэтая самая гістарычная справядлівасьць як нішто залежыць ад ідэалягічнай афарбоўкі ды можа быць зусім суб’ектыўнай? Няўжо гэта ўсё каштуе такой крыві? І чаму людзі вераць тэлевізійным штампам, а не задумваюцца пра чалавечую годнасьць, пра мір, міжнародныя стандарты, правы чалавека? Можа, я зашмат хачу? Можа, мы мала зрабілі для данясеньня каштоўнасьці міру? …

 

“Упраўленьне ААН па каардынацыі гуманітарных пытаньняў: на 19 жніўня ва Украіне загінула 2249 (не меньш за 23 - дзеці) і паранена 6033 (каля 38 дзяцей)", паведаміў мне цьвіцер ААН.

 

*Ацэнкі, выкладзеныя ў тэксьце, адлюстроўваюць выключна меркаваньне аўтара

Інфармацыйны стэнд ініцыятывы "Станцыя "Харкаў" на чыгуначным вакзале гораду. Фота Насты Лойка
Налепкі ў Харкаве. Фота Насты Лойка

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства