Новая справа за працу без акрэдытацыі
Сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з Гродна Андрэй Мялешка атрымаў адпаведныя дакументы з суда Гродзенскай вобласці.
У лісце, за подпісам старшыні суда паведамляецца, што справа супраць Андрэя Мялешкі па артыкуле 22.9 ч.2 Адміністрацыйнага кодэкса (парушэнне парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ) накіроўваецца для разгляду ў суд Гродзенскага раёну.
Адпаведнае паведамленне накіраванае таксама ва Упраўленне ўнутраных спраў Кастрычніцкага раёна Гродна, дзе прапісаны журналіст.
Сам Андрэй Мялешка не можа нават ўявіць, за якое парушэнне яго хочуць прыцягнуць да адказнасці, бо пратакол адміністрацыйнага правапарушэння складаўся без ягонай прысутнасці.
Нагадаем, што сёлета гэта ўжо дзявятая спроба прыцягнення журналістаў да адказнасці за працу без акрэдытацыі на замежныя СМІ. Цягам года падобныя справы ўжо распачыналіся супраць сябраў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алеся Дзянісава (штраф), Алеся Залеўскага (штраф), Аляксандра Буракова (адна справа – за сюжэт на “Белсаце”, вынік невядомы, другая – за матэрыялы на сайце DW.de , будзе вырашацца 30 верасня), Міхаіла Аршынскага (за сюжэт на “Белсаце”, вынік невядомы), Віталя Сямашкі (закрытая), Марыны Маўчанавай (штраф) і самогаАндрэя Мялешкі (штраф).
Шасцёра журналістаў у гэтым годзе атрымлівалі папярэджанні пракуратуры за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.
У той жа час міжнародныя журналісцкія арганізацыі ўжо даўно заклікаюць улады Беларусі скасаваць анахранічны парадак акрэдытацыі, які парушае права на доступ да інфармацыі. Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч падчас свайго афіцыйнага візіту ў Мінск 15-16 верасня 2014 г. таксама акцэнтавала ўвагу на неабходнасці адмяніць абавязковую акрэдытацыю журналістаў.