Азербайджанскі палітвязень стаў лаурэатам прэміі Вацлава Гавела
Праваабаронца Анар Мамедлі, з якім улады Азербайджана распраўляюцца за выкрыццё фальсіфікацый падчас прэзідэнцкіх выбараў, стаў лаурэатам прэміі Вацлава Гавела.
Імя лаурэата было абвешчана 29 верасня на адкрыцці восеньскай сесіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы ў Страсбургу.
Кіраўнік Цэнтра маніторынгу выбараў і навучання дэмакратыі быў намінаваны на прэмію Форумам грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства "за значны ўклад у абарону права на сумленныя выбары". Ён быў арыштаваны ў снежні 2013 года, абвінавачаны ў "злоўжыванні ўладай" і іншых правапарушэннях і ў траўні 2014 года прысуджаны да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Акрамя Анара Мамедлі, сёлета на прэмію Вацлава Гавела прэтэндавалі ізраільская арганізацыя B'tselem, якая абараняе правы палестынцаў, а таксама размешчаная на Мальце філія міжнароднай арганізацыі Jesuit, якая абараняе правы бежанцаў, што шукаюць прытулак.
Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы штогод прысуджае прэмію Вацлава Гавела за выдатныя дзеянні грамадзянскай супольнасці па абароне правоў чалавека ў Еўропе і па-за яе межамі. Прэмія прысуджаецца ў партнёрстве з бібліятэкай Вацлава Гавела і Фондам "Хартыя 77". Першым лаурэатам прэміі Вацлава Гавела ў 2013 годзе стаў беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, які на момант уручэння ўзнагароды таксама быў палітвязнем.