На нарадзе па чалавечым вымярэньні АБСЭ прэзэнтавалі агляд па свабодзе асацыяцыяў у Беларусі
26 верасьня ў Варшаве на штогадовай нарадзе АБСЭ па чалавечым вымярэньні адбылося паралельнае мерапрыемства “Свабода асацыяцыяў і прававыя ўмовы для дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”. Арганізатарамі падзеі выступілі Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі і Цэнтар прававой трансфармацыі.
Мэтай мерапрыемства было азнаямленьне ўдзельнікаў канфэрэнцыі АБСЭ са зьместам аднайменнай альтэрнатыўнай справаздачы, якая была пададзеная беларускімі арганізацыямі ў Савет па правах чалавека ААН у межах падрыхтоўкі да другога раўнду Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду па правах чалавека. Рэспубліка Беларусь павінная прайсьці працэдуру Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду ў другі раз на 22-й сэсіі Савету па правах чалавека, якая пройдзе ў Жэневе ў красавіку-траўні 2015 году.
У межах паралельнага мерапрыемства праваабаронцы сканцэнтравалі ўвагу на выкананьні беларускім урадам рэкамэндацыяў па паляпшэньні прававых умоваў для дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, што былі адрасаваныя нашай краіне ў часе першага раўнду Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду ў 2010 годзе.
У сваім выступе юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў адзначыў, што ўрад Беларусі не выканаў абсалютную большасьць рэкамэндацыяў, датычных свабоды асацыяцыяў. У тым ліку не выкананыя тыя рэкамэндацыі, якія ў 2010 годзе былі прызнаныя ўрадам Беларусі ў якасьці прыймальных, а значыць, нашая краіна ўзяла на сабе абавязак прыслухацца да іх. Так, рэкамэндацыя скасаваньня крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў (сумнавядомы артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу), высунутая Нідэрляндамі і шэрагам іншых краінаў, так і засталася ня выкананая: хоць ад 2008 году новых прысудаў па артыкуле 193-1 не было зафіксавана, сам артыкул працягвае дзейнічаць і нэгатыўна ўплываць на разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці.
Дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка падкрэсьліла, што тыя шматлікія зьмены заканадаўства пра няўрадавыя арганізацыі, якія адбыліся ў пэрыяд 2010-2014 гадоў, ніякім чынам не вырашылі асноўных прававых праблемаў і абмежаваньняў для працы некамэрцыйных арганізацыяў. Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкіх аб'яднаньняў, партыяў, іх арганізацыйных структураў, а таксама фондаў, зьяўляецца складаным і цяжкім, пакідае магчымасьць для адвольнай адмовы ў рэгістрацыі якой-кольвек навастворанай арганізацыі (напрыклад, апошні выпадак рэгістрацыі новай партыі ў Беларусі адбыўся ў 2000 годзе і з таго часу аніякія новыя спробы рэгістрацыі не прыводзяць да пазытыўнага рашэньня). Заканадаўства ўстанаўлівае істотныя абмежаваньні для атрыманьня няўрадавымі арганізацыямі фінансаваньня як з унутраных, так і з замежных крыніцаў, у тым ліку абмяжоўваючы мэты, на якія могуць падавацца ахвяраваньні замежных і карпаратыўных донараў.
Экспэрт Цэнтру прававой трансфармацыі Аляксей Казьлюк прадставіў агляд ўзаемадзеяньня Беларусі зь міжнароднымі мэханізмамі па правах чалавека і месца няўрадавых арганізацыяў у гэтым працэсе. Выступоўца адзначыў, што ў параўнаньні з першым раўндам Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду інтэнсіўнасьць узаемадзеяньня ўраду з нацыянальнымі праваабарончымі арганізацыямі зьменшылася і абмяжоўваецца збольшага фармальнымі мерапрыемствамі з тэарэтычным абмеркаваньнем праваабарончых аспэктаў, далёкім ад пытаньняў практычнай рэалізацыі ў дзяржаўнай палітыцы. Дакладчык падкрэсьліў важнасьць павелічэньня ролі прадстаўніцтва ААН у Менску ў справе сапраўды рэальнага дыялёгу па пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі.
Удзельнікі прэзэнтацыі акцэнтавалі ўвагу нацыянальных дэлегацыяў краін-сябраў АБСЭ на тых рэкамэндацыях, якія прадстаўленыя ў альтэрнатыўнай справаздачы. Яны падкрэслілі важнасьць адрасаваньня ўраду Беларусі выключна канкрэтных і адназначных рэкамэндацыяў, выкананьне якіх лёкка ацаніць і цяжка сымуляваць. Дакладчыкі заклікалі прысутныя на мерапрыемстве ўрадавыя дэлегацыі грунтаваць свае пытаньні і рэкамэндацыі да ўраду Беларусі ў межах другога раўнду Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду на тых прапановах, якія ўтрымліваюцца ў прэзэнтаваным альтэрнатыўным аглядзе па свабодзе асацыяцыяў.
У межах мерапрыемства прайшла кароткая дыскусія, у якой дакладчыкі і аўдыторыя абмеркавалі пытаньні крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў, доступу да прававой інфармацыі ў Беларусі, выцісканьня няўрадавых арганізацыяў зь Беларусі ў замежжа з рэгістрацыяй арганізацыяў у Літве, Польшчы ды іншых краінах, а таксама праблема невыкананьня Беларусьсю рэкамэндацыяў Камітэту ААН па правах чалавека.
Гэты сайд-івэнт стаў шостым запар мерапрыемствам, праведзеным Асамблеяй НДА на штогадовых нарадах АБСЭ па чалавечым вымярэньні: падобныя прэзэнтацыі праводзяцца Асамблеяй НДА на гэтай міжнароднай пляцоўцы штогод ад 2009 году.