viasna on patreon

FIDH і "Вясна": даклад "Адвольныя прэвентыўныя затрыманні актывістаў у Беларусі"

2014 2014-09-30T12:42:05+0300 2014-10-16T15:19:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/fidh-viasna-daklad_pa_zatrymanniah.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Даклад FIDH і "Вясны" падрыхтаваны па выніках працы сумеснай міжнароднай даследчай місіі ў Беларусі ў траўні-чэрвені 2014 г.

Даклад FIDH і "Вясны" падрыхтаваны па выніках працы сумеснай міжнароднай даследчай місіі ў Беларусі ў траўні-чэрвені 2014 г.

Парыж-Мінск,

30 верасня 2014

 

У апублікаванай сёння справаздачы Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і яе сяброўская арганізацыя Праваабарончы цэнтр "Вясна" ўздымаюць праблему сістэматычнага выкарыстання ўладамі прэвентыўных затрыманняў актывістаў у Беларусі напярэдадні важных грамадскіх падзей для задушэння любой формы пратэсту. Даклад быў падрыхтаваны па выніках працы сумеснай міжнароднай даследчай місіі FIDH і Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Беларусі ў траўні-чэрвені 2014 года. Місія праходзіла адразу пасля заканчэння ў Мінску міжнароднага чэмпіянату свету па хакеі, напярэдадні якога ўлады арыштавалі не менш за 37 палітычных актывістаў.

"Прэвентыўныя затрыманні ажыццяўляюцца напярэдадні важных палітычных ці грамадскіх падзей, такіх як электаральныя кампаніі, афіцыйныя візіты кіраўнікоў замежных дзяржаў або масавыя мерапрыемствы, запланаваныя урадам або апазіцыйна настроенымі групамі", - патлумачыў Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH і кіраўнік ПЦ "Вясна", вызвалены ў чэрвені пасля трох гадоў зняволення. "Гэтая практыка шырока выкарыстоўваецца ўрадам у парушэнне законаў Беларусі і міжнародных абавязацельстваў, узятых на сябе яе кіраўніцтвам".

Удзельнікамі міжнароднай даследчай місіі былі апытаныя многія ахвяры адвольнага прэвентыўнага затрымання, толькі што вызваленыя з-за кратаў. У іх лік уваходзілі прадстаўнікі самых розных палітычных і сацыяльных групаў – сябры палітычных арганізацый, актывісты сацыяльных сетак, сябры анархісцкіх групаў і групаў футбольных фанатаў. Усіх іх аб'ядноўвала толькі тое, што яны раней трапілі ў поле зроку праваахоўных органаў праз сваю пратэстную дзейнасць.

Нягледзячы на зніжэнне колькасці прэвентыўных затрыманняў пасля заканчэння міжнароднага чэмпіянату свету па хакеі, праблема не губляе сваёй актуальнасці. Некаторыя з апытаных місіяй у чэрвені з тых часоў зноў падвергнуліся прэвентыўным затрыманням. Напярэдадні святкавання Дня незалежнасці 3 ліпеня 2014 года ў Мінску адвольным затрыманням былі падвергнутыя некалькі актывістаў моладзевых апазіцыйных групаў. У жніўні апазіцыйны актывіст Павел Вінаградаў, сведчанне якога прадстаўлена ў дакладзе, быў падвергнуты адвольнаму арышту на 10 сутак, а 12 верасня, напярэдадні святкавання Дня горада, яго зноў арыштавалі на 15 сутак.

16 верасня 2014 года ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаліся слуханні па крымінальнай справе па арт. 391 КК Рэспублікі Беларусь (абраза суддзі), узбуджанай у дачыненні да апазіцыйнага актывіста з Гомеля Юрыя Рубцова, затрыманне якога напярэдадні Міжнароднага чэмпіянату таксама згадваецца ў дакладзе. Гэтая крымінальная справа з'яўляецца прамым следствам папярэдняга парушэння правоў Юрыя Рубцова, які неаднаразова падвяргаўся адвольным затрыманням і зневажаючаму яго чалавечую годнасць абыходжанню.

 

Прадстаўлены ў дакладзе аналіз деючага ў краіне заканадаўства паказвае, што ў тэорыі яно абараняе грамадзян ад адвольных затрыманняў і яго парушэнне караецца крымінальным пакараннем. Аднак гэта немагчыма ва ўмовах адсутнасці належнага расследавання з боку пракуратуры і Следчага камітэта, на якія ўскладзены адпаведныя функцыі.

Адсутнасць належных працэсуальных гарантый захавання правоў затрыманых па адміністратыўных справах спрыяе іх ігнараванню органамі, якія вядуць адміністратыўны працэс, і стварае ўмовы для незаконнага прыцягнення да адказнасці. А адміністратыўна-працэсуальнае заканадаўства перашкаджае асобам, якім прысуджаны адміністратыўны арышт у якасці адміністратыўнага спагнання, эфектыўна ажыццявіць сваё права на перагляд пастановы.

 

ПЦ "Вясна" і FIDH распрацавалі рэкамендацыі, звернутыя як да беларускіх уладаў, так і да міжнароднай супольнасці. У прыватнасці, праваабаронцы рэкамендуюць ураду Беларусі:

- Неадкладна спыніць пераследы актывістаў і праваабаронцаў у Беларусі;

- Праводзіць эфектыўныя бесстароннія расследаванні ў дачыненні да асоб, якія парушылі правы грамадзян, у тым ліку, і асабліва - у кожным выпадку незаконнага пазбаўлення волі; для гэтага органы пракуратуры павінны быць заканадаўча ўпаўнаважаны на правядзенне расследавання нароўні са Следчым камітэтам;

- Устанавіць правілы забеспячэння затрыманых па такіх адміністратыўных справах, дзе асобе могуць быць прызначаныя ў выглядзе спагнання адміністратыўны арышт або дэпартацыя, юрыдычнай дапамогай па правілах, ідэнтычных выкладзеным у крымінальна-працэсуальным законе;

- Устанавіць скарочаныя, у параўнанні з названымі ў дзеючым законе, крайнія тэрміны перагляду спраў вышэйстаячым судом па скаргах адміністратыўна-арыштаваных; замяніць у гэтых выпадках, па меншай меры, папярэднюю выплату дзяржаўнай пошліны яе спагнаннем у выпадку адмовы ў задавальненні скаргі;

- Прадугледзець у законе магчымасць прыпынення выканання адміністратыўнага арышту.

 

Міжнароднай супольнасці гэты даклад быў прадстаўлены ў рамках Канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў Варшаве 24 верасня.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства