Пад Віцебскам добраўпарадкавалі месца пахавання ахвяраў сталінізму (фота)
Некалькі гадоў на ўзлеску каля вёскі Паляі ствараецца самаробны мемарыял – у памяць пра мірных жыхароў, якіх расстрэльвалі тут у 1930-50 гады. Тут усталявана некалькі крыжоў, і добраўпарадкаванне гэтага месца стала клопатам віцебскіх актывістаў.
Нягледзячы на тое, што мясцовыя сябры Партыі БНФ сабралі сведчанні старажылаў, якія памятаюць пра расстрэлы савецкіх грамадзян, да афіцыйнага ўшанавання іх памяці справа так і не дайшла. Улады адмаўляюцца паставіць тут нейкі памятны знак, і таму віцебскія актывісты ствараюць самаробны мемарыял самі – ставяць крыжы на ўзор таго, як гэта зроблена ў Курапатах пад Мінскам.
Самы высокі крыж – металічны, на ім надпіс "Ахвярам таталітарнага рэжыму", астатнія крыжы меншыя, пераважна драўляныя. Некалькі разоў крыжы ў гэтых мясцінах нішчылі невядомыя, але актывісты ставілі новыя.
Мінімум два-тры разы на год каля самаробнага мемарыялу робяць прыборку – звычайна ўвесну і напярэдадні Дзядоў. Сёлета 29 кастрычніка сябры Партыі БНФ і Руху "За свабоду" зноў прыехалі ў Паляі – павысякалі хмызнякі, прыбралі смецце, згадалі ўсіх, хто бязвінна загінуў у гады сталінскага тэрору.