viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Тры новыя гады я сустрэў у няволі

2014 2014-12-29T15:23:17+0300 2014-12-29T15:23:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/presentation_bialaitski_23.12.14_14.jpg
Алесь Бяляцкі пад час прэзентацыі кнігі "Халоднае крыло Радзімы".

Алесь Бяляцкі пад час прэзентацыі кнігі "Халоднае крыло Радзімы".

Нядаўна ў Менску прайшла прэзэнтацыя кнігі Алеся Бяляцкага «Халоднае крыло» радзімы. Напісаная пераважна ў турме, яна сёлета была ўганараваная прэміяй імя Францішка Аляхновіча, якую заснавалі Радыё Свабода і беларускі ПЭН-Цэнтар.

Як сустракаюць Новы год у беларускіх турмах? Ці ёсьць хоць мінімальныя ўмовы для творчасьці ў месцах пазбаўленьня волі? Аўтар кнігі — госьцем перадачы.

— Алесь, да Новага году засталося ўсяго некалькі дзён. А як гэтае сьвята табе даводзілася сустракаць у няволі?

— У няволі я сустрэў тры новыя гады: 2012-ы, 13-ы і 14-ы. Першы — у Жодзінскім СІЗА, у камэры на двух чалавек. Адбілі нас па раскладзе — а дзясятай гадзіне вечара, разеткі былі выключаныя, так што і гарбаты не згатаваць. Кантралёры хадзілі і штохвілінна заглядалі ў вочкі, каб зэкі не гатавалі чыфір на падпаленых газэтах. А ў дванаццаць гадзінаў пайшоў па камэрах гул — зэкі білі шлёмкамі (міскамі) і зэчкамі (алюміневымі кубкамі) па бэтонным доле і па сьценах. Насіліся па калідоры кантралёры, цяжка тупацелі ботамі, крычалі: «Адставіць!». Але ніхто іх ня слухаў. Вось так Новы 2012-ы і адзначылі. Наступныя новыя гады я быў ужо ў бабруйскай калёніі, дзе размаўляць са мной, піць гарбату зэкам забаранялася. Таму сьвята сустракаў сам-адзін. Раскладаў на тумбачцы розныя прысмакі, што жонка перадавала, і піў сам з сабой гарбату. Употайкі хто-ніхто з прыхільных зьняволеных паціскаў руку ці віншаваў, і ўзаемна я віншаваў іх. Рабілі гэта хутка, з асьцярогаю, так, як быццам кралі штосьці. Але я не сумаваў. У душы быў унутраны супакой — так было трэба. І толькі не ўдавалася пазбыцца шкадаваньня, што яшчэ адзін год твайго жыцьця праляцеў незваротна, яшчэ адзін...

— Ты за сваё жыцьцё стварыў нямала розных арганізацый: Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», Музэй Максіма Багдановіча, Беларускую каталіцкую грамаду, праваабарончы цэнтар «Вясна»... Можа, і ў калёніі які гурток запачаткаваў? Ці там — кожны сам за сябе?

— Самай галоўнай задачай спэцаддзелу ў калёніі было не дазволіць мне што-небудзь стварыць. Нават гурток аматараў моцнай гарбаты... Неяк у гутарцы з кіраўніцтвам калёніі я сказаў: «Што вы мяне не па спэцыяльнасьці выкарыстоўваеце? У вас жа ёсьць бібліятэка, пусьціце мяне туды, я буду весьці літаратурны гурток для зьняволеных». А іх у калёніі больш за дзьве з паловай тысячы, і нямала нешта пісалі. Вершы, прозу — людзі стараюцца неяк заняць сябе. На маю просьбу мне далі зразумець: не, лепш сядзі ты ў швейным цэху і будзь пад кантролем«. Канешне, турэмная адміністрацыя абмяжоўвала мае кантакты. Таму зьняволеным было забаронена ня толькі размаўляць са мною, але і перадаць мне газэту, кавалак мыла ці нейкую рэч. Забаронена было неафіцыйна, але хто з гэтым не лічыўся, адразу пераводзіўся ў іншы атрад. Гэта стварала пэўную пустку вакол мяне, але ў нейкай ступені спрыяла пісьменьніцтву.

— Нядаўна ты стаў ляўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, якая ўручаецца за творы, напісаныя ў турме. Трыццаць гадоў таму, у 1994-м, пішучы прадмову да першага ў Беларусі выданьня «Ў капцюрох ГПУ», ты мог дапусьціць, што пісьменьнікі будуць сядзець, што зьявіцца такая прэмія?

— Не, ня думаў. На той час я працаваў у Музэі Максіма Багдановіча, быў дэпутатам Менскага гарадскога савету, актыўна займаўся грамадзкай дзейнасьцю. Але Францішак Аляхновіч ужо тады быў мне блізкі. У канцы 80-х у спэцфондзе Акадэміі навук я змог прачытаць ягоныя творы, і яны мяне дастаткова моцна ўразілі. Яшчэ больш уразіў трагічны лёс пісьменьніка, які шэсьць гадоў адсядзеў на Салаўках, пасьля вызваленьня працаваў па меры магчымасьці. Урэшце жыцьцё яго скончылася трагічна — ён быў забіты з-за сваёй беларускай пазыцыі, грамадзкай пазыцыі. Аляхновіч быў выкрасьлены зь беларускай літаратуры больш чым на паўстагодзьдзя, фактычна на тры пакаленьні. Самая вядомая яго кніга — «У капцюрох ГПУ». У ёй пісьменьнік нічога ня выдумаў. І тады, і цяпер інфармацыя пра жыцьцё вязьняў закрытая, і сёньня нашы турмы закрытыя для грамадзтва. Кніга Аляхновіча стала шокам і адкрыцьцём для Эўропы, бо небагата сьведчаньняў з таго, што адбывалася ў Гулагу, даходзіла да эўрапейскай супольнасьці. Тое, што зрабіў Аляхновіч, павінен быў зрабіць кожны сапраўдны пісьменьнік.

— Максім Танк, знаходзячыся на вяршыні сваёй савецкай славы, прызнаваўся, што найлепш яму пісалася ў польскай турме. Ты таксама ў няволі напісаў нямала — перад «Халодным крылом радзімы» выйшла кніга «Асьвечаныя беларушчынай». Значыць, нейкія ўмовы для творчасьці там усё ж былі?

— Максім Танк успамінаў пра сваю турэмную творчасьць праз колькі дзясяткаў гадоў. Я ўсяго некалькі месяцаў пасьля калёніі, таму мне яшчэ цяжка рабіць нейкія ясныя і катэгарычныя падсумаваньні. Але магу сказаць пэўна: у беларускай турме ніякіх умоваў для творчасьці няма. Ты там маеш даволі багата розных праблемаў, якія трэба вырашаць кожны дзень, кожную гадзіну. Да таго ж, я працаваў упакоўшчыкам у швейным цэху — восем гадзінаў штодня мусіў хадзіць на працу. Пакаваў вопратку для зьняволеных, прасьціны нейкія, навалачкі, рукавіцы для заводаў, і гэта займала значную частку дня. А калі сюды дадаць яшчэ і абавязковыя праверкі, перападлікі, дык вольнага часу на пісаньне заставалася ня так і багата. Я проста ледзь пасьпяваў запісваць тое, што мне хацелася сказаць. У «Халодным крыле радзімы» атрымалася даволі багата літаратуразнаўчых тэкстаў, а таксама ўспаміны з 80-90-х гадоў. Жыцьцё грамадзка-палітычнае тады бурліла, а мы з табой, пачынаючы з «Тутэйшых», фактычна знаходзіліся ў гушчы таго жыцьця. Таму нейкія свае ўспаміны, ня маючы ніякіх дакумэнтаў пад рукамі, я ўсё ж пастараўся занатаваць. Гэта было важна рабіць зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, мне важна было пасылаць пазытыўныя сыгналы з зоны, каб яны ішлі ў інтэрнэт, у часопісы і газэты, каб людзі бачылі, што я знаходжуся ў нармальнай псыхалягічнай і маральнай форме і сваёй актыўнасьцю выклікаю адваротную актыўнасьць. Нельга нам сядзець склаўшы рукі. Гэта была асноўная прычына. І другая прычына — пачуцьцё самарэалізацыі, бо гады мінаюць, і трэба пісаць. Мне хочацца выпускаць штогод па новай кніжцы.

— Не ўяўляю, як можна пісаць успаміны без архіваў, абапіраючыся выключна на ўласную памяць.

— Бывала па-рознаму, пераважна — так, без архіваў. Часам мае калегі прысылалі ксэракопіі ці патрэбную кніжку. У калёніі я распачаў даволі вялікае эсэ пра лёс бабруйскага пісьменьніка мінулага стагодзьдзя Барыса Мікуліча, які быў рэпрэсаваны ў 1936-м, адсядзеў 10 гадоў, вярнуўся, потым быў сасланы ў Сыбір, дзе і памёр. Я напісаў 50 старонак з 250-ці заплянаваных і быў выпушчаны. Трэба дапісваць — ужо на волі.

— Тыя, хто пасьля Плошчы-2010 трапіў у СІЗА КДБ, скардзіліся на адсутнасьць добрых кніг у тамтэйшай бібліятэцы. Скажам, Ірына Халіп прызнавалася, што яе ў дадатак да ўсяго «катавалі» любоўнымі раманамі. А ў тваёй сытуацыі як было?

— У менскім СІЗА я перачытаў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

— Там быў Караткевіч?

— Быў. Прычым я перачытваў яго новымі вачыма, бо апошні раз чытаў гадоў дваццаць таму. А ў калёніі мне можна было атрымліваць кніжкі праз заказную пошту. Даволі багата кніжак мне прысылалі з тых, якія я прасіў, ды і бібліятэка там была немалая. Там упершыню я прачытаў раман

У турме зьяўляецца больш рэзкі погляд на тэкст, больш сфакусаваны

«Жыцьцё і лёс» Васілія Гросмана, да якога ў мяне рукі на волі не даходзілі. Вось што я там заўважыў. У няволі ў цябе нібы новыя вочы адкрываюцца на літаратуру. У турме зьяўляецца больш рэзкі погляд на тэкст, больш сфакусаваны. Гэта зьвязана з тым, што цябе не адцягваюць ні побытавыя, ні іншыя праблемы, хоць яны там таксама ёсьць. Але тут, на волі, шмат якія дробязі проста разьбіваюць тваю засяроджанасьць. А там ты застаесься сам-насам з кніжкай, якая зьяўляецца і крыніцай інфарамацыі, і крыніцай моцы, якой там таксама не хапае. І «Вайну і мір» я там перачытаў. Не магу сказаць, што там не было добрай літаратуры. Проста — што каму падабаецца. Каму — Дар’я Данцова, а каму — Леў Талстой і Ўладзімер Караткевіч.

— Па абедзьвюх тваіх «турэмных» кнігах відно, што ты сапраўды ўважлівы чытач. На многія выданьні, дасланыя з волі, ты напісаў зьмястоўныя водгукі. А якія першыя кнігі, прачытаныя табой на волі?

— З апошніх кніжак назаву «Хвілінку» Ігара Бабкова, якая атрымала прэмію Гедройца. На маю думку, гэта сапраўдная літаратура высокай якасьці. Таксама прачытаў том вершаў Віславы Шымборскай у перакладзе на беларускую. А цяпер чытаю публіцыстыку Вацлава Гаўла. Ну і некалькі кніжак успамінаў савецкіх дысыдэнтаў ляжаць на стале. Усё ж тэма турэмнай літаратуры мяне не пакідае.

— Якім табе бачыцца 2015 год?

— Мне падаецца, ён будзе дастаткова важным для Беларусі, цікавым, магчыма, драматычным, нават небясьпечным. Мы павінны зразумець, што наша актыўнасьць, наша грамадзянская пазыцыя багата што могуць вызначыць у наступным годзе і ў лёсе нашай краіны, і ў лёсе нашых дзяцей, і ў лёсе наступных пакаленьняў беларусаў. Мы не павінны страціць тое, што маем, я маю на ўвазе ў першую чаргу незалежную Беларусь. Але мы мусім набыць тое, чаго ў нас няма, — дэмакратыю і свабоду для ўсяго беларускага народу. Віншую ўсіх суачыньнікаў з Навагодзьдзем! Жыве Беларусь!

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства