Суд прызнаў актывістаў «Сумленнай улады» дробнымі хуліганамі
Па 25 базавых велічынь штрафу сябрам стваранага міжнароднага аб’яднаньня «За сумленную ўладу» Пятру Іванову і Аляксандру Холаду і 10 базавых велічынь Пятру Берлінаву – такое рашэньне абвясьціла 23 сьнежня судзьдзя суду Першамайскага раёну Віцебску Натальля Карабліна. Усе трое былі прызнаныя вінаватымі ў парушэньні артыкулу 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).
Актывістаў абвінавацілі ў тым, што 5 сьнежня яны нібыта незаконна ўварваліся на ўчастак, дзе стаяў дом Пятра Берлінава, які згодна з рашэньнем мясцовых уладаў падлягаў зносу, зламалі пры гэтым весьнічкі і зьбілі вартаўніка. У якасьці доказу віны абвінавачаных выкарыстоўваўся дыск з відэазапісам і паказаньні сьведак.
Распавядае Пётар Берлінаў: «Зямля знаходзілася ў маім карыстаньні, я прыйшоў на сваю зямлю. «Жылбуд» сваім лістом мяне раней апавясьціў, што я ў любы час магу прыходзіць і забіраць сваю маёмасьць. Але вартаўнік мяне не пускаў. Гэтак было неаднаразова. 5-га чысла я прывёў на ўчастак сваіх знаёмых, каб яны засьведчылі, што чыніцца беззаконьне. Мы нічога неправамернага не зьдзяйсьнялі, парадак не парушалі – мы проста прыйшлі на мой участак. Я адчыніў весьнічкі правільна – унутар, не ламаў іх. А нас абвінавацілі, што мы іх зламалі. Ды напалі на вартаўніка. Хаця гэта ён мне парваў куртку і швэдар, спрабуючы нас не пусьціць».
Галоўным сьведкам на судзе выступаў вартаўнік, нібыта зьбіты актывістамі. Паводле словаў спадара Берлінава, адказы вартаўніка на пытаньні судзьдзі былі супярэчлівымі, ён блытаўся ў сваіх паказаньнях. Вартаўнік сьцьвярджаў, што актывісты зламалі весьнічкі, павалілі яго ды ўтраіх ляжалі на ім. Ніхто зь іншых сьведкаў гэтага не пацьвердзіў.
Што тычыцца астатніх сьведак – двух рабочых «Жылбуду», якія працавалі на ўчастку падчас інцыдэнту, – дык яны спрабавалі казаць праўду. «Сьведкі пацьвердзілі, што мы падышлі, прадставіліся. Хаця вартаўнік казаў, што мы падбеглі, пачалі нагамі біць па брамцы мэталёвай – кажа Берлінаў. – Аднак судзьдзя Карабліна пачынала задаваць ім навадныя пытаньні, каб у выніку яны блыталіся і сьведчылі супраць нас».
«Напрыклад, заходзіць сьведка. Я і іншыя задаюць яму пытаньне: Ці гучаў з нашага боку мат? Ён: Не, не гучаў. А судзьдзя тады запытваецца: Ці ўсё поўнасьцю, ад пачатку да канца вы чулі, усе размовы? Або, мабыць, нешта маглі ня чуць? То бок судзьдзя наводзіла сьведку на тое, каб ён сказаў, што, маўляў, так, я мог не пачуць нейкіх словаў».
Актывісты ўпэўненыя, што іх пакаралі штрафам незаконна. Найбліжэйшым часам яны зьбіраюцца абскардзіць рашэньне судзьдзі Карабліной у абласным судзе.