Актывісты Беларусі і Украіны на шляху да салідарных дзеянняў
Актыўнай супрацы і салідарных дзеянняў чакаюць арганізатары ад удзельнікаў “Міжнароднага курса для грамадзянскіх актывістаў з Беларусі і Украіны”, які распачаўся, дзякуючы сумесным намаганням праваабарончых арганізацыяў абедзвюх краінаў.
Сімвалічна, што першая сустрэча ў межах праграмы адбылася на тэрыторыі Украіны, дзе праваабаронцы сутыкнуліся з новымі выклікамі ў звязку з падзеямі ў Крыме і на ўсходзе краіны, а прымаў удзельнікаў Адукацыйны Дом правоў чалавека ў Чарнігаве, які нядаўна распачаў сваю працу. Завершыцца ж курс сумеснай сесіяй у Беларускім Доме правоў чалавека імя Барыса Звозскава ў Вільні.
Арганізатары міжнароднага курса – беларускі Праваабарончы цэнтр “Вясна” і ўкраінская грамадская арганізацыя MART – маюць паспяховы досвед адукацыйнай працы ў сваіх краінах, рэалізаваны ў праграмах “Беларуская праваабарончая школа” і “Розуміємо права людини”, якія супрацоўнічаюць не ўпершыню. Да рэалізацыі бягучай сумеснай праграмы яны падыйшлі з канкрэтнымі практычнымі мэтамі. “Галоўная нашая мэта - каб актыўная моладзь з нашых краінаў пазнаёмілася паміж сабой, навучылася працаваць разам і зрабіла штосьці разам. Такія практыкі ўжо былі, але нам хацелася б зрабіць іх больш эфектыўнымі. Таму што правы чалавека не замыкаюцца на адной краіне, і ў выпадку неабходнасці падставіць плячо калегам, партнёрам - вельмі важна”, - кажа Сяргей Бураў, кіраўнік арганізацыі MART. Як падкрэслівае каардынатар “Беларускай праваабарончай школы” Андрэй Палуда, пры рэалізацыі такой сумеснай праграмы вялікае значэнне мае не толькі падабенства ў падыходах да выкладання правоў чалавека, але і матывацыя і згуртаванасць удзельнікаў. “Пры падвынікаванні нашай першай сесіі з вялікім задавальненнем магу адзначыць, што гэтая сустрэча прайшла на адной эмацыйнай хвалі і непрацяглага часу хапіла, каб паміж удзельнікамі завязаліся такія стасункі, якія ствараюць уражанне, што яны сустракаліся і дагэтуль. Гэта азначае, што ў людзей супадаюць жыццёвыя погляды і разуменне сітуацыі. Хоць перад пачаткам гэтай праграмы я, прызнаюся, крыху хваляваўся, улічваючы сённяшнюю сітуацыю ва Украіне, бо яна магла б сапраўды накладаць свой адбітак, паколькі сярод нашых украінскіх удзельнікаў – вымушаныя перасяленцы з акупаванага Крыма і зоны АТА, у кагосьці там засталіся сем’і… Хачу адзначыць, што сітуацыя ва Украіне – гэта вельмі важны і сур’ёзны досвед для беларускіх удзельнікаў праграмы, як і для беларускага грамадства ў цэлым. І беларускія актывісты, праз знаёмства з канкрэтнымі людзьмі і іх жыццёвымі гісторыямі, змаглі на ўласныя вочы пабачыць сітуацыю ва Украіне”.
Падзеі ва Украіне накладаюць адбітак не толькі на настроі ўдзельнікаў і агульную атмасферу сустрэчаў, але і на праграму курса.
“Паколькі ў кожнай з нашых краінаў ёсць свая спецыфіка, частка курсу для ўкраінскіх і беларускіх актывістаў будзе праходзіць з крыху рознымі задачамі, звязанымі з кантэкстам грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі і ва Украіне. Для беларусаў, у прыватнасці, важна глыбей пазнаёміцца з магчымасцямі выкарыстання міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека на ўзроўні ААН, для ўкраінцаў сёння больш актуальныя іншыя механізмы абароны. Улічваючы бягучую сітуацыю ва Украіне, для абедзвюх групаў мы закранаем тэму правоў чалавека ва ўмовах ваеннага канфлікту, - распавядае Сяргей Бураў. - Канешне, падзеі ва Украіне ўносяць прамыя карэктывы ў праграму курса, з'явіліся цэлыя навучальныя блокі на тэму ўзаемадзеяння права правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права – гэта, вядома, тычыцца не толькі Украіны, проста нашая краіна стала эпіцэнтрам падзей у Еўропе. Натуральна, падыходы, стратэгіі, тактыкі, дзеянні мяняюцца...” Паводле праваабаронцы, адукацыйная дзейнасць і ў сённяшніх умовах застаецца сярод асноўных прыярытэтаў для ўкраінскіх праваабарончых арганізацыяў. “Адзін з прынцыпаў праграмы “Розуміємо правы людини” кажа пра тое, што адукацыя ў сферы правоў чалавека - гэта адзін з відаў дзеянняў у абарону правоў чалавека. Мы ніколі не праводзім адукацыю дзеля адукацыі, таму ў цяперашняй сітуацыі не трэба было доўга думаць, чым нам займацца. Трэба было проста зразумець, як пераарыентаваць нашыя праграмы, іх метады і змест, з тым, каб яны былі актуальнымі. Мы працягваем займацца адукацыяй таксама, як журналісты, напрыклад, у гэтай сітуацыі працягваюць займацца сваёй працай, робячы акцэнты на актуальных праблемах”.
Асаблівасцю гэтага навучальнага курса ў параўнанні з папярэднімі з’яўляецца тое, што праз яго рэфрэнам праходзіць тэматычны блок па адвакацыі (advocacy), што, як чакаецца, мусіць спрацаваць на асноўную мэту - далейшыя ўзаемныя салідарныя дзеянні ўдзельнікаў праграмы. “Сумесная праца садзейнічае ў тым ліку і бяспецы нашых дзеянняў: некаторыя дзеянні, якія ўкраінцы могуць зрабіць у дапамогу беларусам, для ўкраінцаў будуць бяспечныя ў той час як для беларусаў яны маглі б абярнуцца праблемамі, і наадварот”, - кажа да прыкладу Сяргей Бураў. На жаль, на сённяшні дзень не выпадае казаць пра выразныя праявы салідарнасці як супольных намаганняў паміж беларускай і ўкраінскай грамадзянскай супольнасцю. “Падобныя дзеянні зараз не настолькі інтэнсіўныя і не настолькі глыбокія, якімі маглі б быць. Тут цэнтр цяжару крыху змясціўся, - лічыць Андрэй Палуда. - На мой погляд, праявы салідарнасці беларусаў з украінцамі сёння адбываюцца ў большай ступені па асабістых кантактах. Так, у сацыяльных сетках шмат людзей, гатовых “лайкнуць”, адкаментаваць тэматычныя посты, хтосьці гатовы крыху дапамагчы. Ёсць людзі, гатовыя паехаць ва Украіну і дапамагчы на месцах больш сур’ёзна, як, напрыклад, Наста Лойка ездзіла ў Харкаў і дапамагала валанцёрам грамадскай ініцыятывы. Я размаўляў з прадстаўнікамі Беларускага камітэта салідарнасці з Украінай, і яны кажуць, што з размоваў з людзьмі разумеюць, што большасць з іх цікавіць агульная сітуацыя ва Украіне, якая выклікае спагаду, але мала каго – магчымасць актыўнай дапамогі ў вырашэнні канкрэтных праблемаў.
Калі казаць пра сувязі беларускіх праваабаронцаў з украінскімі, то, мяркую, яны дастаткова моцныя, больш шчыльныя, чым з расійскімі. На маё меркаванне, канешне, могуць накладаць адбітак асабістыя кантакты з калегамі з украінскіх арганізацыяў. Але на агульным узроўні нам усё ж не стае нейкіх сумесных дзеянняў…”. Сяргей Бураў, кажучы на гэты конт, таксама спасылаецца на сваю “заангажаванасць”. “Я вельмі часта кантактую з беларускімі актывістамі і ў гэтым коле бачу, што ёсць вялікая падтрымка з боку беларускіх праваабаронцаў. А ў цяжкія для іх часы вялікая падтрымка была і з боку ўкраінскіх калегаў. Правы чалавека ў сваёй сутнасці нясуць такі інтэрнацыянальны кантэкст, тут без міжнароднай дапамогі адзін аднаму немагчыма. Ва Украіне ў сувязі з апошнімі выклікамі адбыўся моцны скачок у развіцці грамадзянскай супольнасці, валанцёрскага руху, і, я думаю, гэта можа быць пэўным вопытам і для Беларусі. А для нас вельмі важны вопыт працы нашых калегаў у сённяшніх беларускіх рэаліях”.
Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый дзвюх краінаў сыходзяцца ў тым, што праваабарончаму руху і ў Беларусі і ва Украіне не хапае разумення з боку грамадства, дасягненне гэтага разумення яны адносяць да сваёй “зоны росту” - каб з мэтай абароны правоў чалавека ўсё больш і больш людзей маглі мабілізавацца і працаваць разам.