Грамадскасць і і СМІ змусілі арганізатараў змяніць непраўдзівыя ўмовы аўкцыёну
На 9 лютага Віцебскім абласным тэрытарыяльным фондам дзяржаўнай маёмасці прызначаны аўкцыён па продажы будынкаў па вул. Дзімітрава, з якіх два -- №10 і №12 , з'яўляюцца архітэктурнымі помнікамі. Аднак арганізатары на гэта "забыліся".
У першай абвестцы пра аўкцыён, якая з'явілася ў інтэрнэце, нават не згадвалася, што будынкі №10 і №12 уваходзяць у гістарычную забудову вуліцы Дзімітрава, якая склалася ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. І што яны ўключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як аб'екты 3-й катэгорыі – помнікі архітэктуры рэгіянальнага значэння. Пасля з'яўлення інфармацыі пра аўкцыён на сайце "Народныя Навіны Віцебска" яе пачалі каментаваць чытачы: пісалі пра тое, што арганізатары аўкцыёну знарок пазначаюць, што дом №10 пабудаваны ў 1953 годзе, а дом №12 — у 1947 годзе, каб будынкі было прасцей прадаць, прыхаваўшы ад новых гаспадароў, што яны нясуць адказнасць за захаванасць гістарычнай спадчыны.
Пра сітуацыю даведаўся Старшыня Рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч. Ён заявіў пра тое, што рыхтуе лісты ў пракуратуру, каб там правялі праверку ўмоў аўкцыёну.
І да канца таго ж дня, пакуль грамадскасць абуралася, а СМІ збіралі меркаванні, умовы аўкцыёну змяніліся непазнавальна. Гэта заўважылі чытачы "Народных Навінаў Віцебска", напісаўшы, што цяпер даты сярэдзіны мінулага стагоддзя пазначаны не як гады пабудовы, а як гады аднаўлення, што на сайце Фонду "Віцебскаблмаёмасці" ўжо сказана, што гэта гістарычныя помнікі, і што нават з'явіліся фотаздымкі пабудоваў.
Дарэчы, віцебская грамадскасць, дзякуючы журналісцкім матэрыялам на гэтую тэму, пільна сочыць за лёсам гістарычнай забудовы па вуліцы Дзімітрава. І многія віцябляне не задаволеныя якасцю рэстаўрацыі гістарычных помнікаў – прыкладам, дома №32 або дома №10А. Але паўплываць на тое, каб пасля рэстаўрацыі засталося захаваным сапраўднае гістарычнае аблічча будынкаў, пакуль не ўдаецца.
1 Шыльда
2 Фрагмент будынка №12
3 Фрагмент будынка №12
4 Фрагмент будынка №10
5 Віцябляне незадаволеныя такой рэстаўрацыяй суседняга помніка архітэктуры