viasna on patreon

Блог Насты Лойкі: Мірныя сходы і супрацоўнікі міліцыі

2015 2015-04-06T10:01:52+0300 2015-04-10T17:20:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mirnyja_shody-milicyja-00.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота з архіву назіраньня #controlBY

Фота з архіву назіраньня #controlBY

Тэмы шырокія і бясконцыя, таму будзем лічыць, што пачатак цыклу.

Так атрымалася, што з 2011 года я назіраю ў камандзе грамадзкіх назіральнікаў за санкцыянаванымі масавымі мерапрыемствамі ў Менску (Варшаве, Кіеве, Маскве…). У Менску вялікіх акцый, як вядома, тры: “Дзень Волі”, “Чарнобыльскі Шлях” і “Дзяды”. Штораз у мяне шмат уражаньняў, але зараз хачу закрануць толькі адзін аспэкт, а менавіта - функцыю і ролю супрацоўнікаў міліцыі падчас санкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Калі паглядзець на працу супрацоўнікаў міліцыі падчас дзяржаўных сьвятаў, дзе адбываюцца афіцыйныя шэсьці (як Дзень Перамогі ці Дзень Незалежнасьці), дык мы бачым шмат супрацоўнікаў міліцыі ў форме, якія пільна сочаць за грамадзкім парадкам: каб ня было п’яных у натоўпе, каб хто не ўчыніў контр-дэманстрацыю і г.д. То бок выконваюць свае функцыі і дастаткова якасна.

Але як толькі яны патрапляюць на менш людныя апазыцыйныя масавыя мерапрыемствы, сытуацыя значна мяняцца. Па-першае, колькасьць “абазначаных” у форме супрацоўнікаў міліцыі становіцца мінімальная, а з форменнай вопраткі зьнікаюць нагрудныя знакі, бэйджы ці любыя ідэнтыфікацыйныя прыкметы. На гэтыя ж сходы большая частка супрацоўнікаў АМАПу выходзіць у штацкай форме вопраткі (іх можна апазнаць па навушніках, рацыях, падобным зьнешнім выглядзе і г.д.). Апошніх разбаўляе міліцэйскае афіцэрскае начальства ў такой жа цывільнай вопратцы, толькі хто з рацыямі, а хто па тэлефоне больш загады аддае, хто проста прагульваецца побач з чыноўнікамі з выканкаму, адказных за масавыя мерапрыемствы.

Па-другое, мяняецца фокус іх увагі: хутчэй за ўсё, ім раздаюць загады з сэрыі “глядзець, каб ніхто не выпендрываўся, а хто выпендрываецца – затрымаць”. На апошнім Дні Волі ўдзельнікі доўга ўламывалі супрацоўнікаў міліцыі вывесьці п’янага мужчыну з натоўпу. На Дзядах яны вяла рэагавалі на мат з боку выпадковых контр-дэманстрантаў, што натрапілі на каляровую дэманстрацыю і не пашкадавалі слоўнікавага запасу. Звычайна беспакарана.

Па-трэцяе, па выніках “аховы масавага мерапрыемства” (за каторую арганізатары плацяць дзясяткі мільёнаў паміж іншым) супрацоўнікам міліцыі трэба неяк “адчытацца”. Прычым, ня проста дакласьці пра спакойную акцыю, але паказаць вынік працы і пільнасьць, якая вымяраецца чым? Канешне, колькасьцю затрыманых!

Таму кожны раз пры назіраньні я ўглядаюся ў натоўп удзельнікаў і спрабую вызначыць “ахвяр” для затрыманьня, сыходзячы з міліцэйскай лёгікі: на Дзядах імі сталі тыя, хто нёс украінскія сьцягі, на Дні Волі – мужчына з азэрбайджанскім сьцягам, хлапцы ў балаклавах і тыя, хто спрачаліся з праваахоўнікамі на выхадзе з парку за права панасіць прыкметы сымболікі на сабе (падрабязьней можна прачытаць у справаздачы).

Дык вось мяне страшна ўражвае гэтая немагчымасьць і няўмеласьць абысьціся без затрыманьняў штораз, як бы акцыя ні праходзіла і колькі б чалавек ні было. І мэта зразумелая – прэвэнтыўна запужаць любых патэнцыйных удзельнікаў. Застаецца толькі дзякаваць, што апошнія дзьве акцыі хоць абышлося без судоў на наступны дзень.

Даведка:

Кіруючыя прынцыпы па свабодзе мірных сходаў БДІПЧ АБСЭ у разьдзеле “Ахова парадку падчас сходаў - агульныя прынцыпы належнай практыкі” (пп.149-170) утрымліваюць абагуленую практыку па прынцыпах паводзінаў супрацоўнікаў міліцыі пры выкананьні сваіх пазытыўных абавязкаў па ахове мірнага сходу, прыводжу некаторыя зь іх:

  • Праваахоўныя органы павінны эфэктыўна ўзаемадзейнічаць з арганізатарамі сходаў;
  • Апэрацыя па ахове парадку павінна праходзіць без «сюрпрызаў»;
  • У праваахоўных органаў павінна быць выразная структура камандаваньня;
  • Неабходна, каб супрацоўнікаў паліцыі было лёгка адрозьніць (у тым ліку па асабістым апазнавальным знакам);
  • Не варта заўсёды выкарыстоўваць паўнамоцтвы на ўмяшальніцтва ў правядзеньне сходу;
  • Рэакцыя праваахоўных органаў павінна быць прапарцыйнай;
  • Варта ўсталяваць рэглямэнтаваны парадак дзеяньняў пры затрыманьні, вобшуку, заключэньні пад варту або арышце удзельнікаў сходу;
  • Садзейнічаньне мірным сходам, якія праводзяцца з невыкананьнем устаноўленых законам папярэдніх умоў або са значнымі адхіленьнямі ад умоў, указаных у апавяшчэньні;
  • Ня варта абмяжоўваць правядзеньне фота- і відэаздымкаў супрацоўнікамі паліцыі і ўдзельнікамі сходу, але захоўваньне дадзеных можа парушаць права на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця;
  • Разбор дзеяньняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў (асабліва пасьля сходаў з нестандартным разьвіцьцём падзей) павінен стаць агульнапрынятай практыкай.

 

Фота з архіву назіраньня #controlBY

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства