viasna on patreon

Праваабаронцы: Удзел Беларусі ў працэдуры УПА дае спадзяванні на змены

2015 2015-04-15T22:32:00+0300 2015-04-22T15:20:56+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/press_conf_15.04.15.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў "Вясны", БХК і БАЖ 15 красавіка 2015

Прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў "Вясны", БХК і БАЖ 15 красавіка 2015

Універсальны перыядычны агляд – адзін з нешматлікіх механізмаў ААН, які прызнаюць беларускія ўлады. Працэдура УПА прадугледжвае магчымасць узаемадзеяння ўладаў з грамадзянскай супольнасцю. Працэс такога ўзаемадзеяння пакуль далёка не дасканалы, аднак праваабаронцы імкнуцца скарыстоўваць пляцоўку УПА для прасоўвання неабходных зменаў.

Пра гэта ішла гаворка 15 красавіка падчас прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў – ПЦ “Вясна”, Беларускага Хельсінкскага Камітэта і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Наколькі эфектыўнымі на дадзеным этапе з’яўляюцца намаганні няўрадавых арганізацыяў Беларусі ў гэтым накірунку – пакажа час. 4 траўня беларуская дзяржава будзе справаздачыцца перад Працоўнай групай УПА, якая складаецца з 47 сябраў Савета па правах чалавека. Для гэтага МЗС Беларусі падрыхтаваў нацыянальны даклад, прадстаўлены ў сакавіку. Грунтоўную працу ў межах працэдуры УПА правялі і няўрадавыя арганізацыі Беларусі: у верасні 2014 году 11 НДА прадставілі ў офіс Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН кааліцыйны альтэрнатыўны даклад, а таксама некалькі тэматычных дакладаў: Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend сумесна з Асамблеяй НДА – па свабодзе асацыяцый, Офіс па правах людзей з інваліднасцю і праваабарончы праект «ГейБеларусь» - па дыскрымінацыі, Беларускі дакументацыйны цэнтр - па праблеме гвалтоўных знікненняў.

Услед за гэтым былі выпрацаваныя Рэкамендацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі ўраду ў межах УПА, якія былі прадстаўлены на папярэдняй сесіі ў Жэневе, што праходзіла 8 – 10 красавіка па ініцыятыве міжнароднай арганізацыі UPR-Info. Праваабаронцы выступілі перад прадстаўнікамі 41 нацыянальнай дэлегацыі Савета па правах чалавека, а з некаторымі дэлегацыямі змаглі сустрэцца асобна з мэтай прасоўвання сваіх рэкамендацый. Якія з гэтых рэкамендацый нацыянальныя дэлегацыі скарыстаюць падчас працэдуры УПА для Беларусі, стане вядома менш як праз месяц: на паседжанні 4 траўня будуць прысутнічаць прадстаўнікі “Вясны”, Lawtrend і Асамблеі НДА.

Пакуль жа ўдзельнікі прэс-канферэнцыі распавялі пра сутнасць і асаблівасці сваёй працы, якая папярэднічала 2-му раунду Універсальнага перыядычнага агляду для Беларусі.

Старшыня беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак нагадаў, што пасля 1-га раунду УПА для Беларусі (2010 год) праваабарончыя арганізацыі рабілі прамежкавы даклад аб выкананні ўладамі атрыманых тады рэкамендацыяў, у якім адзначылі, што найбольш прынцыповыя рэкамендацыі, якія маглі паспрыяць паляпшэнню становішча ў галіне правоў чалавека, выкананыя не былі.

Таксама ў сваім выступе кіраўнік БХК адзначыў, што важнасць працэдуры УПА заключаецца ў тым, што дзяржава мусіць яе праходзіць ва ўзаемадзеянні з грамадзянскай супольнасцю на розных яе этапах – ад падрыхтоўкі дакладу да рэалізацыі рэкамендацыяў. Аднак, паводле праваабаронцы, на сённяшні дзень у Беларусі гэты працэс узаемадзеяння “вельмі далёкі ад дасканаласці”.

“Падчас 1-га цыкла УПА на сустрэчу з намесніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Пяткевіч былі запрошаныя эксперты і ад незарэгістраваных няўрадавых арганізацый (ад “Вясны” ў асабістай якасці прысутнічаў Валянцін Стэфановіч), але тады не было ніякай працэдуры фармалізаванага ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў абмеркаванні хады падрыхтоўкі матэрыялаў даклада. На гэты раз, цягам 2014-га года, адбылося некалькі канферэнцый, падчас якіх і дзяржаўныя органы і прадстаўнікі няўрадавых арганізацый абмяркоўвалі, як лепш удзельнічаць у працэдуры УПА, быў прадстаўлены праект нацыянальнага даклада, але усё гэта адбывалася без удзелу прадстаўнікоў незарэгістраваных арганізацый, якіх ужо не запрасілі. Таксама было мала часу і працэдурных магчымасцяў для абмеркавання па сутнасці рэкамендацый”, - распавёў Алег Гулак.

У сувязі з гэтым ён адзначыў, што працэс узаемадзеяння паміж дзяржаўнымі органамі і грамадзянскай супольнасцю мусіць быць больш змястоўным і ў ім мусяць удзельнічаць усе задзейнічаныя ў працэдуры УПА арганізацыі, тым больш што яны працуюць без рэгістрацыі не па сваёй волі, а таму што не могуць атрымаць рэгістрацыю ад дзяржаўных ораганаў.

Прадстаўляючы рэкамендацыі няўрадавых арганізацый ураду Беларусі [глядзіце ў дадатку], намеснік кіраўніка ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначыў, што яны ахопліваюць больш шырокі спектр праблемаў, чым кааліцыйны альтэрнатыўны даклад, і адлюстроўваюць погляд праваабарончай супольнасці краіны на праблемы з правамі чалавека ў Беларусі ў розных сферах.  У гэтым спісе 48 рэкамендацый, разбітых на блокі: “Тэхнічная дапамога і супраца з дамоўнымі органамі і спецыяльнымі механізмамі ААН”, “Смяротнае пакаранне”, “Гвалтоўныя знікненні”, “Катаванні і іншае бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне”, “Адвольныя затрыманні”, “Удзел грамадзянскай супольнасці ў Нацыянальным плане дзеянняў”, “Сістэма правасуддзя і нацыянальныя механізмы па правах чалавека”, “Свабода выказвання меркавання, інфармацыі і свабода прэсы”, “Свабода думкі, сумлення, рэлігіі”, “Свабода сходаў і асацыяцый”, “Дыскрымінацыя і людзі з інваліднасцю”, “Прымусовая праца і правы працоўных”.

Як распавёў Валянцін Стэфановіч, з гэтым дакументам праваабаронцы працавалі ў Жэневе падчас прэ-сесіі. 9 красавіка там праходзілі папярэднія слуханні па Беларусі, якія, на думку праваабаронцаў, выклікалі цікавасць у дастатковай колькасці прадстаўнікоў нацыянальных дэлегацыяў. “Перад намі былі Злучаныя Штаты Амерыкі, на якія сабралася рэкордная колькасць урадавых дэлегацый – 53. А на слуханнях па Беларусі прысутнічала 41 дэлегацы, што, як я лічу, таксама нямала па мерках ААН. З нашага боку былі чатыры выступоўцы – я ад “Вясны”, прадстаўнікі БАЖ, “ГейБеларусь” і Беларускага Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава. Мы распаўсюдзілі гэтыя рэкамендацыі сярод прысутных дэлегацый”.

Падчас праходжання УПА будуць разглядацца таксама рэкамендацыі на адрас Беларусі ад міжнародных арганізацый, як, напрыклад, БДІПЧ АБСЕ і розныя механізмы ААН.

Прадстаўнік “Вясны” падкрэсліў, што важнасць працэдуры УПА заключаецца ў тым, што гэта адзін з нешматлікіх механізмаў ААН, які прызнаецца ўладамі Беларусі. “Як вядома, улады выбарачна супрацоўнічаюць з механізмамі ААН: не прызнаюць мандат спецыяльнага дакладчыка па Беларусі, не выконваюць рашэнні Камітэта па правах чалавека. Беларусь не любіць прызнаваць тое, што тычыцца адмыслова яе. А Універсальны перыядычны агляд абсалютна усе дзяржавы-удзельніцы ААН, таму тут Беларусь ідзе на ўзаемадзеянне. І для нас, безумоўна, важна спрабаваць у гэтым рэчышчы прасоўваць інтарэсы беларускіх праваабарончых арганізацый. Таму мы актыўна ўдзельнічаем у гэтай працэдуры”.

Гэтую думку працягнуў у сваім выступе эксперт Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў, які распавёў пра інтарэсы, якія мае БАЖ, беручы актыўны ўдзел у працэдурах УПА. “Мы імкнемся скарыстоўваць працэдуру УПА як пляцоўку для прасоўвання сваіх прапановаў па зменах у заканадаўства аб СМІ”.  Ён звярнуў увагу, што чатыры з пяці прапанаваных БАЖ рэкамендацый [глядзіце пункты 29 - 33] скіраваныя на змяненне законапрымяняльнай практыкі, што тычыцца злоўжыванняў пры акрэдытацыі журналістаў, прыцягнення іх да адказнасці за супрацу з замежнымі СМІ, адвольных затрыманняў, у тым ліку падчас асвятлення масавых мерапрыемстваў, і злоўжыванняў заканадаўствам аб супрацьдзеянні экстрэмізму. На думку эксперта, працэдура УПА дазваляе спадзявацца, што нейкія змены ўсё ж адбудуцца.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства