Жонка Мікалая Статкевіча патрапіла ў аварыю, калі вярталася з калоніі
«Здарэнне адбылося на дарозе Шклоў—Бялынічы, на павароце на Цяцерына», — расказаў «Нашай Ніве» адвакат Мікалая Статкевіча Аляксандр Галіеў, якога жонка вазіла ў калонію на сустрэчу з вязнем.
Жонка Адамовіча ехала па галоўнай дарозе на сваім «Сітраене С4». Джып «Гран Чэрокі» выехаў справа з другаснай дарогі перад самай машынай Адамовіч.
Яна ехала на хуткасці 90 кіламетраў за гадзіну, да джыпа было метраў 20, кажа Аляксандр Галіеў. Сутыкненне адбылося на паласе руху машыны Адамовіч, ёсць сведкі.
У «Гран Чэрокі» за рулём быў малады хлопец. Акрамя яго, у аўтамабілі знаходзіўся яшчэ адзін мужчына. І Марына Адамовіч, і кіроўца «Гран Чэрокі» быў дастаўлены ў Круглянскі шпіталь з траўмамі.
«Наконт канспіралагічных тэорый… Наўрад ці…» — сказаў «Нашай Ніве» адвакат Галіеў. «Потым прыехаў бацька кіроўцы — выпіўшы. У яго 5-гадовая дачка загінула на пажары, расказваў ён», — кажа адвакат.
Аварыя адбылася прыкладна а 16.30.
Адамовіч і Галіеў вярталіся з калоніі, дзе адвакат сустракаўся з Мікалаем Статкевічам. Гаворка ішла пра новы суд над палітвязнем, прызначаны на 4 мая.
«Стан Марыны Адамовіч больш-менш нармальны, магчымыя некалькі пераломаў», — паведаміў яе сын Юрась Адамовіч.
«Зразумела, адчувае сябе не надта добра, цяпер пад кропельніцай».
Машына Марыны Адамовіч разбітая цалкам, яе і саму і Галіева ўратавалі падушкі бяспекі.