Праваабаронцу адмовілі ў магчымасці наведаць папраўчыя ўстановы, ЛПП і СІЗА
Праваабаронца і незалежны журналіст Леанід Свецік хацеў напісаць шэраг артыкулаў пра ўмовы ўтрымання асобаў, якія знаходзяцца ў папраўчых установах, ЛПП і СІЗА Віцебскай вобласці. Ён адправіў больш за дзясятак запытаў у гэтыя структуры, каб яму дазволілі наведаць іх. Але ніводная просьба задаволеная не была.
Усе адказы, атрыманыя Леанідам Свецікам, практычна аднолькавыя: "Асвятленнем дзейнасці папраўчых устаноў у крымінальна-выканаўчай сістэме займаюцца ведамасныя перыядычныя выданні - газета “На страже” і газета “Трудовой путь”, якія ў поўнай меры адлюстроўваюць стан побыту і ўмоваў утрымання. У цяперашні час адміністрацыя не бачыць неабходнасці дадатковага асвятлення дзейнасці ўстановы ў іншых перыядычных выданнях".
Толькі начальнік аршанскай папраўчай калоніі № 8 адмовіў Леаніду Свеціку не адразу – напісаў, што ягоны зварот дасланы ва ўпраўленьне Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці для ўзгаднення і прыняцця канчатковага рашэння. І ўжо адтуль журналіст і праваабаронца атрымаў стандартны адказ: маўляў, два ведамасныя выданні вычарпальна поўна і ўсебакова апісваюць жыццё ўтрыманцаў папраўчых установаў, ЛПП і СІЗА.
Леанід Свецік не згодны з такім падыходам: атрымліваецца, што грамадзяне Беларусі мусяць чытаць выключна ведамасную міліцэйскую прэсу, каб даведацца пра жыццё людзей па той бок калючага дроту, піша сайт "Віцебская вясна".
Праваабаронца звяртае ўвагу і на тое, што газета «На страже» – гэта прафіляванае выданне Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь . І рэдакцыйная палітыка газеты сфармулявана так: "У адпаведнасці з распараджэннямі міністра ўнутраных спраў у аснову асноў сваёй дзейнасці журналісты рэдакцыі ставяць стварэнне разнажанравых публікацыяў, якія адлюстроўваюць тэмы службовай і ўлікова-рэгістрацыйнай дысцыпліны, захавання асноватворных загадаў, папулярызацыі перадавога досведу, прафілактыкі розных відаў злачынстваў і правапарушэнняў". Выглядае, што гэтая газета перадусім заклікана пісаць пра жыццё і дзейнасць супрацоўнікаў міліцыі, і рэдакцыя не ставіць перад сабой задачаў асвятляць умовы жыцця асуджаных або тых, хто ўтрымліваецца ў ЛПП ці СІЗА.
Другая згаданая газета, "Трудовой путь", выдаецца Дэпартаментам выканання пакаранняў. І яе "мэтавая аўдыторыя" – гэта тыя, хто якраз і знаходзіцца за кратамі, а не шырокая грамадскасць. У шырокім распаўсюдзе – прыкладам, праз шапікі "Белсаюздруку", гэтай газеты, якая выдаецца два разы на месяц, няма. Няма ў выдання і інтэрнэт-сайта. З выданнем "На страже" сітуацыя крыху іншая: ахвотныя могуць пазнаёміцца са зместам газеты праз афіцыйны сайт Міністэрства ўнутраных справаў, распаўсюджваецца яна і па падпісцы.
Але для Леаніда Свеціка так і засталося незразумелым, чаму адміністрацыі папраўчых установаў, ЛПП і СІЗА Віцебскай вобласці лічаць дастаткова поўным асвятленне дзейнасці сваіх структур толькі ў гэтых двух выданнях, якія не з'яўляюцца агульнадаступнымі. Тады як больш шырокае інфармаванне грамадзян Беларусі пра жыццё і побыт у папраўчык установах, СІЗА і ЛПП маглі б паспрыяць абвешчанаму на дзяржаўным узроўні змаганню з п'янствам, наркаманіяй, не кажучы ўжо пра прафілактыку злачыннасці і правапарушэнняў.