Бабруйск: За знішчэнне санітарнай зоны чыноўнікаў усё ж пакараюць?
Гісторыя са знішчэннем зялёнай зоны, якая абараняла месцічаў ад выкідаў чатырох прадпрыемстваў, атрымала працяг. Нагадаем, што, нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, усе дрэвы былі ліквідаваныя пад будаўніцтва гіпермаркета "Ома". Але адзін з бабруйчанаў вырашыў працягваць дамагацца пакарання вінаватых.
Як паведамляе газета "Коммерческий курьер", Арцём Жарнасек, жыхар дома №39 па вуліцы Лынькова, у лютым падаў скаргу ў Генеральную пракуратуру. Абгрунтаванасць яго прэтэнзій прызналі і накіравалі скаргу ў бабруйскую пракуратуру. І ўжо адтуль ён атрымаў адказ, што заканадаўства, якое рэгулюе парадак правядзення грамадскіх абмеркаванняў, сапраўды было парушана.
Таксама Арцёму Жарнасеку паведамілі, што "на імя старшыні гарвыканкама ўнесена прадстаўленне аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў, а ў дачыненні да начальніка аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па артыкуле 9.13 КаАП Рэспублікі Беларусь". У цяперашні час правяраецца законнасць прадастаўлення зямельнага ўчастка пад будаўніцтва гандлёвага цэнтра, - паведамляе выданне.