Магілеў: Па скарзе журналіста чыноўніка аштрафавалі
Ленінскі РАУС г. Магілёва правёў праверку па заяве журналіста: сп. Лапцэвіч скардзіўся, што галоўны спецыяліст Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Яўген Нальгачаўне прадаставіў яму кнігу скаргаў і прапаноў.
Па выніках праверкі Нальгачава прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці згодна з артыкулам 9.24 КаАП – пакаралі штрафам у памеры 4 базавыя велічыні (720 тыс. рублёў). Паводле пададзенага Нальгачавым хадайніцтва, ён сваю віну прызнаў і прасіў разгледзець справу без яго.
У снежні 2014 года Яўген Нальгачаў ужо атрымліваў заўвагу за тое, што адмовіўся прадаставіць журналісту Кнігу заўваг і прапановаў пасля таго, як не дапусціў Лапцэвіча на сесію Магілёўскага аблсавета.
Ужо некалькі месяцаў карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч спрабуе патрапіць на адкрытыя пасяджэнні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, аднак яму адмаўлялі ў гэтым, спасылаючыся на адсутнасць у спісе запрошаных. Раней журналіст асвятляў найбольш важныя падзеі ў эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах жыцця Магілёўскай вобласці, у тым ліку з сесій Магілёўскага аблсавета дэпутатаў, баз усялякіх нараканняў з боку чыноўнікаў ці дэпутатаў.
У маі Лапцэвіч атрымаў ліст ад старшыні Магілёўскага аблсаветаАнатоля Ісачанкі. Той выказаў спадзяванне на канструктыўны характар супрацоўніцтва і прапанаваў журналісту загадзя інфармаваць апарат аблсавета аб планах наведаць тыя ці іншыя мерапрыемствы.
Таксама Анатоль Ісачанка запэўніў, што Магілёўскі абласны савет дэпутатаў зацікаўлены ў кантактах з усімі сродкамі масавай інфармацыі, афіцыйна зарэгістраванымі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, для асвятлення яго дзейнасці.