viasna on patreon

Чарговы суд над выдаўцом “Вольнага горада” адбудзецца 3 чэрвеня

2015 2015-05-29T11:36:48+0300 2015-05-29T11:36:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kudraucau-uladzimir-krychau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Кудраўцаў.

Уладзімір Кудраўцаў.

Уладзімір Кудраўцаў, выдавец незалежнай газеты “Вольны горад”, атрымаў позву з суда Крычаўскага раёна, у якой паведамляецца, што разгляд яго справы аб адміністрацыйным правапарушэнні адбудзецца 3 чэрвеня ў 15-00.

Таксама Кудраўцаву даслалі з Крычаўскага РАУС копію пераробленага пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, якое ён нібыта здзейсніў.

Пратакол зноў складзены начальнікам ААПП Крычаўскага РАУС падпалкоўнікам міліцыі Вусікам І. В., які напісаў, што Кудраўцаў, знаходзячыся ў сябе дома, “падрыхтаваў загадзя ілжывую ганьбячую выдумку ў адносінах оперупаўнаважанага ГБЭЗ Крычаўскага РАУС Дзямешка А. В. у выглядзе прадастаўлення ўладальнікам сайта глабальнай сеткі інтэрнэт spring96.org інфармацыі аб тым, што Дзямешка А. В. пагражаў яму ўзбуджэннем крымінальнай справы за паклёп пры разбіральніцтве па яго заяве ў адносінах начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Максімавай М. М., пасля чаго ўказаная інфармацыя 5.04.2015 г. была апублікавана на дадзеным сайце”.

Падпалкоўнік Вусік склаў новы пратакол 25 траўня 2015 г.

Сам Уладзімір Кудраўцаў пры складанні новага пратакола не прысутнічаў, ён адмовіўся ад яўкі ў РАУС па позве і дачы сведчаўняў на падставе артыкула 27 Канстытуцыі РБ, спаслаўшыся на тое, што выклік яго незразумелай позвай пасля яго падрабязнага выступу ў судзе Крычаўскага раёна 15 траўня з’яўляецца ціскам з боку супрацоўнікаў міліцыі.

Нагадаем, што ў судзе Крычаўскага раёна 15 траўня адбыўся першы разгляд адміністрацыйнай справы па абвінавачванні ў паклёпе на оперупаўнаважанага ГБЭЗ Крычаўскага РАУС Аляксандра Дзямешку з боку выдаўца газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава.

У выніку разгляду справы суддзя Кацярына Шматкова прыняла пастанову аб накіраванні адміністрацыйнай справы ў адносінах Уладзіміра Кудраўцава ў Крычаўскі РАУС на дапрацоўку.

Уладзімір Кудраўцаў абвінавачваўся ў тым, што ён “распаўсюдзіў заведама ілжывую ганебную выдумку” ў дачыненні да оперупаўнаважанага Крычаўскага РАУС Дзямешкі А. В. Папярэдні пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 9.2. КаАП («паклёп») быў складзены начальнікам Аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі (ААПП) Крычаўскага РАУС Вусікам І. В. 23 красавіка 2015 г. у памяшканні Крычаўскага РАУС, куды быў адмыслова выкліканы выдавец “Вольнага горада”.

У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні не былі названыя ні публікацыя, ні сайт, на якім быццам бы распаўсюджаныя “заведама ілжывыя” звесткі ў дачыненні да А. Дзямешкі. Згадвалася толькі, што здзейсніў гэта Уладзімір Кудраўцаў 5 красавіка 2015 г. у 13.00.

Ні сам “пакрыўджаны” Аляксандр Дзямешка, ні падпалкоўнік Вусік, які складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, ні іншыя супрацоўнікі Крычаўскага РАУС на суд чамусьці не з’явіліся.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства