viasna on patreon

Павел Сапелка: З практыкай правядзення судовых пасяджэнняў у закрытых установах не ўсё ў парадку

2015 2015-06-15T15:06:15+0300 2015-06-15T15:06:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sapelko.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка

Павел Сапелка

Юрыст Павел Сапелка звяртаўся ў Вярхоўны суд з просьбай растлумачыць парадак доступу грамадзян у выязныя судовыя пасяджэнні на тэрыторыі месц пазбаўлення волі, а таксама паведаміць, якія меры плануе ажыццявіць Вярхоўны Суд з тым, каб арганізаваць правядзенне выязных судовых пасяджэнняў на тэрыторыі калоній і турмаў з захаваннем гарантый справядлівага суда і прынцыпу галоснасці.

Нагадаем, 4 мая супрацоўнік Шклоўскай папраўчай калоніі №17, дзе разглядалася пытанне аб змене рэжыму ўтрымання Мікалая Статкевіча, адмовіўся забяспечыць доступ юрысту ў выяздное судовае пасяджэнне.

Адказваючы на электронны зварот Сапелкі, намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч паведаміў, што, сапраўды, разгляд прадстаўлення начальніка Шклоўскай папраўчай калоніі №17 праводзіўся ў выязным судовым пасяджэнні на тэрыторыі калоніі:

“Пры гэтым, - паведамляе ў сваім адказе суддзя, - звяртаю Вашу ўвагу, што ў адпаведнасці з арт. 281 КПК рашэнне пытанняў пра месца і час судовага разбору, арганізацыі судовага паседжання адносіцца да выключнай кампетэнцыі суддзі, які вядзе справу. Довады аб невыкананні судом палажэнняў ч.1 арт. 287 КПК неабгрунтаваныя. Рашэнне аб ўваходзе на тэрыторыю ПК № 17, установы са спецыяльным прапускным рэжымам, прымаецца начальнікам дадзенай установы. Разгляд прадстаўлення праходзіў ў адкрытым судовым пасяджэнні. Асобам, якія заявілі пра сваё жаданне прысутнічаць у судовым пасяджэнні пры разглядзе прадстаўлення ў дачыненні да Статкевіча М.В., начальнікам ПК № 17 па ўзгадненні з судом была прадастаўлена магчымасць праходу на тэрыторыю папраўчай установы”.

Пра гэтую “магчымасць” Павел Сапелка распавёў наступнае:

“Пры падыходзе да будынка, дзе размешчаны пункт пропуску на тэрыторыю ПК, да мяне і іншых людзей, якія знаходзіліся ў гэтым месцы, падышоў маёр міліцыі, які адмовіўся прадставіцца, і ў жорсткай форме запатрабаваў адысці ад будынка і сысці на аўтастаянку, размешчаную ў 50-70 метрах ад КПП. На пытанні аб магчымасці доступу ў судовае пасяджэнне ён не адказваў, выказаўшы пры гэтым невыразныя пагрозы адвольнага затрымання і прымянення сілы ў выпадку, калі я ў ліку іншых грамадзян не адыйду…”

Каментары тут, як бачна, залішнія.

У сваім звароце юрыст запытваўся таксама аб тым, якім чынам пры ўдзеле ў такога роду судовых пасяджэннях грамадзяне могуць рэалізаваць сваё права весці аўдыёзапіс судовага пасяджэння, прадастаўленае часткай 6 ст.287 КПК, паколькі праносіць гуказапісвальныя прылады на тэрыторыю калоній забаронена.

На думку намесніка старшыні Вярхоўнага суда Р. Аніскевіча пытанне аб парадку прымянення гуказапісу і іншых форм фіксацыі ходу судовага разбору, дадатковага тлумачэння не патрабуе, паколькі рэгламентаванае ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе. "Неабходныя рэкамендацыі судам дадзены ў пастанове Пленума Вярхоўнага Суда РБ ад 2013/12/20 N 11 "Аб забеспячэнні галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя і пра распаўсюд інфармацыі аб дзейнасці судоў".

Разам з тым суддзя звяртае ўвагу, што гукапіс не з'яўляецца адзіным і выключным спосабам рэалізацыі права грамадзян на фіксацыю ходу судовага разбору, пацвярджаючы ўскосна, што ў такой сітуацыі магчымасцю аўдыёзапісу можна ігнараваць.

Каментуючы адказ намесніка старшыні Вярхоўнага суда Павел Сапелка зазначае:

«Вясну» часта папракаюць за тое, што яна надае павышаную ўвагу справам палітычных і грамадскіх актывістаў; так, гэта, безумоўна, так: на прыкладзе такіх спраў можна выкрываць праблемы, якія датычацца многіх, калі не ўсіх, зняволеных. Я паспрабаваў максімальна даходліва і нескладанымі фармулёўкамі данесці да кіраўніцтва Вярхоўнага Суда, які цяпер у поўнай меры адказвае за захаванне гарантый справядлівага суда ў працэсе адпраўлення правасуддзя, думку пра тое, што з існуючай практыкай правядзення судовых пасяджэнняў у закрытых установах далёка не ўсё ў парадку. І быў упэўнены ў тым, што Вярхоўны Суд падзеліць маю занепакоенасць наяўнымі праблемамі. Аказалася, што мы размаўляем наогул на розных мовах. А за такі адказ ад паважанага юрыста мне проста балюча”.

Раней Павел Сапелка звяртаўся з аналагічнай скаргай ва Упраўленне Дэпартамента выканання па Магілёўскай вобласці. У адказ на зварот юрыста начальнік упраўлення ДВП МУС па Магілёўскай вобласці паведаміў, што судовае паседжаньне, якое хацеў наведаць Сапелка, было адкрытым, аднак праходзіла ў будынку адміністрацыйнага корпуса - на тэрыторыі рэжымнага аб'екта, у сувязі з чым свабодны праход на яго тэрыторыю забаронены. Фактычна з адказу вынікае, што на выязныя суды, якія адбываюцца ў калоніях і іншых месцах выканання пакарання, практычна патрапіць немагчыма.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства